«19 снежня каля 21-й гадзіны паступіла інфармацыя пра падазроны натоўп у мікрараёне Лебядзіным, у якім заўважаны малалетнія дзеці. Неўзабаве туды прыбылі нарады, задзейнічаныя ў ахове грамадзкага парадку. Праваахоўнікі папрасілі прысутных разысьціся і адвесьці дзяцей дадому. Аднак тыя не адрэагавалі, працягвалі заставацца на пляцоўцы», — цытуе афіцыйны камэнтар Tut.by.
Як сьцьвярджаюць у ведамстве, у выніку міліцыянты «карэктна прапанавалі тром мужчынам» для далейшага разгляду прайсьці ў службовы транспарт.
Адзін зь іх «прыняў рашэньне зрабіць гэта разам з дваімі сваімі дзецьмі». Другі перадаў вазок знаёмай і «спакойна прайшоў у службовы транспарт».
Па прыбыцьці ў орган унутраных спраў у дачыненьні да мужчын быў пачаты адміністрацыйны працэс. Ніякіх спэцсродкаў супрацоўнікі міліцыі не ўжывалі, падкрэсьліваюць у МУС.