Аляксандар Румак пасьля сэрыі кадравых рашэньняў Лукашэнкі стаў Упаўнаважаным у справах рэлігій і нацыянальнасьцяў, паведаміла БелТА. Раней ён працаваў намесьнікам міністра працы і сацыяльнай абароны і набыў вядомасьць тым, што ў 2017 годзе прапанаваў беларускам нараджаць паболей дзяцей.
Падчас прызначэньня Румака на пасаду, Лукашэнка заявіў, што цяпер пасада Ўпаўнаважанага ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў робіцца «ключавой, найважнейшай». Ён заявіў пра спробы «парушыць, разарваць міжканфэсійны мір» і папрасіў Румака захоўваць пільнасьць і не дапусьціць гэтага.
Лукашэнка абвінаваціў некалькіх чыноўнікаў, імёны якіх не назваў, у антыдзяржаўных паводзінах, падкрэсьліўшы, што «некалькі чалавек зарэкамэндавалі сябе ня надта». Ён прапанаваў лічыць гэта памылкай дзяржавы і шукаць, у чым «недапрацавала дзяржава».
Папярэднік Аляксандра Румака на пасадзе ўпаўнаважанага Леанід Гуляка займаў пасаду з 27 кастрычніка 2006 году. Калі кіраўніка каталікоў Беларусі мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча 31 жніўня сёлета не пусьцілі ў Беларусь з польскай мяжы, Гуляка пазьбег камэнтароў сытуацыі. Ягоныя падначаленыя заявілі, што ён на бальнічным.