Павышэньне нараджальнасьці — адна з культавых ідэй беларускіх уладаў. Нас павінна быць больш, мы павінны нараджаць часьцей, а пачынаць рабіць гэта, адпаведна, раней. Але рэальнасьць пярэчыць дзяржаўным пажаданьням.
Чацьвёртага сьнежня былі прэзэнтаваныя папярэднія вынікі маштабнага сацыялягічнага дасьледаваньня «Беларусь: фармаваньне сям’і, стабільнасьць сямейных стасункаў і нараджальнасьць у зьменлівых сацыяльна-эканамічных умовах». Яны паказваюць, што ў Беларусі ў сямейнай сфэры назіраюцца тэндэнцыі, у цэлым характэрныя для разьвітых заходніх краін: апошнія дзесяць гадоў людзі сталі жаніцца пазьней.
Апошнія дзесяць гадоў людзі сталі жаніцца пазьней.
У 2016 годзе сярэдні ўзрост мужчын на дзень рэгістрацыі шлюбу быў 27,8 гадоў, для жанчын — 25,6 гадоў. У 2006 годзе гэтыя паказчыкі былі на два гады меншыя. Падобныя зьмены назіраюцца і з нараджальнасьцю: у 2006 годзе жанчыны першы раз нараджалі ў сярэднім у 24 гады, у 2016 — ужо ў 26,3 года.
І вось як на гэтыя лічбы адрэагаваў намесьнік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак: «Спадзяюся, вынікі дасьледаваньня дапамогуць зразумець, як стымуляваць маладыя сем’і да нараджэньня дзяцей».
Я не буду цяпер разважаць пра тое, ці трэба ў Беларусі падвышаць нараджальнасьць. Але я хачу сказаць, што папярэднія вынікі дасьледаваньня мяне вельмі радуюць.
Жанчыны бачаць безьліч магчымасьцяў акрамя мацярынства.
Калі чынавенства бачыць пазьнейшую рэгістрацыю шлюбу і пазьнейшы пачатак мацярынства як нешта нэгатыўнае, дык я зь ім катэгарычна не згодная. Прычыны, зь якіх людзі не сьпяшаюцца зьмяняць сацыяльны статус і браць на сябе абавязкі па выхаваньні дзяцей, складаныя па сутнасьці, але збольшага відавочныя: старыя альгарытмы жыцця ўжо не працуюць, як раней. Сьвет стаў больш адкрытым, жанчыны бачаць безьліч магчымасьцяў акрамя мацярынства, моладзь усё часьцей глядзіць на шлюб і нараджэньне дзяцей не як на сьвяты абавязак, а як на адну з магчымых опцый.
Статыстычна вясельле ў 26 гадоў — гэта, хутчэй за ўсё, больш абдуманы і сьвядомы крок, чым у 20. Безумоўна, усе мы розныя, і хтосьці ў 20 праяўляе сябе больш адказна, чым іншы чалавек у 40. Але больш устойлівымі ў цэлым будуць усё ж пары, у якіх людзі маюць большую эмацыйную ўстойлівасьць і фінансавую незалежнасьць.
Пакуль я вучылася ва унівэрсытэце, даволі шмат маіх знаёмых аднагодак пабраліся шлюбам. Дыплём спэцыялісткі я атрымала ў 2015 годзе, а з тых знаёмых мне прыблізна 15 маладых сем’яў дагэтуль не зруйнаваліся толькі тры. Ня надта ўстойлівымі аказаліся юныя шлюбы ў маёй асабістай выбарцы.
Ня надта ўстойлівымі аказаліся юныя шлюбы.
Ня варта перажываць дзяржаве і праз тое, што жанчыны нараджаюць першае дзіця пазьней, чым у мінулым. У сярэднім жанчыны з узростам больш гатовыя да прыняцьця сьвядомых і адказных рашэньняў у пытаньні мацярынства. Жанчыны, якія ўжо маюць досьвед працы, досьвед поўнай адказнасьці за прынятыя рашэньні, могуць лепей ацэньваць загадзя свае сілы, чым тыя, хто такога досьведу не мае. Безумоўна, не заўжды гэта зьвязана менавіта з узростам, але досьвед усё ж набываецца з часам.
Чыноўнікі і чыноўніцы могуць працягваць спадзявацца, што дэмаграфічныя паказчыкі стануць ранейшымі, але я ўпэўнена, што гэтага не адбудзецца. Мы звыклі не давяраць абяцаньням дзяржавы і, здаецца, нарэшце адмаўляемся жыць пад лёзунгам «абы не было вайны». Межы адкрытыя, і мы бачым, як жывуць людзі ў іншых краінах і робім высновы, чаго хочам для сябе. Гучнымі словамі не пераможаш рэальнасьць, у якой стварэньне ўласнай сям’і — гэта больш не абавязак, а адна з магчымасьцяў. І не заўжды яна найбольш прывабная.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.