Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Новы год сустрэну ў цэнтры Менску». Што пішуць сваякам палітзьняволеныя студэнткі


Сваякі і сябры студэнтак-палітвязьняў — Тацяны Якельчык, Марыі Каленік, Ксеніі Сырамалот і Касі Будзько — расказваюць пра тое, што адбываецца зь імі ў зьняволеньні.

12 лістапада ў Менску затрымалі 6 актывістаў «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў» і яшчэ некалькі студэнтаў розных ВНУ сталіцы; пазьней сьпіс затрыманых студэнтаў павялічваўся. Усіх спачатку зьмяшчалі ў СІЗА КДБ, у так званую «амэрыканку», абвінавачвалі паводле 342 артыкулу Крымінальнага кодэксу (у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) ды пераводзілі ў СІЗА на Валадарскага.

Тацяна Якельчык

Тацяна Якельчык
Тацяна Якельчык

«Прасіла перадаць, што яна і там усьміхаецца», — расказала пра Тацяну Якельчык яе сяброўка А. Суразмоўца адзначае, што нікому зь сяброў Тацяны лісты ад яе не даходзілі, зьвесткі атрыманыя ад бацькоў Тацяны.

«На здароўе і ўмовы, наколькі ведаю, ня скардзіцца. Шмат чытае, бярэ кніжкі ў турэмнай бібліятэцы. Трымаецца бадзёра, ня журыцца. Кажа, што жыцьцё працягваецца паўсюль. Адвакат у яе бывае, нібыта сьледчыя дзеяньні нейкія вядуцца, але больш пра яе крымінальную справу нічога ня ведаю. Цяпер яе затрымалі на 2 месяцы, але ведаю, што прасіла перадаць туды шмат рэчаў, здаецца, вырашыла зусім „абжыцца“», — расказала сяброўка Тацяны Якельчык.

Тацяна Якельчык — студэнтка мэханіка-матэматычнага факультэту БДУ. 26 лістапада дзяўчыну затрымалі супрацоўнікі КДБ, у яе доме прайшоў ператрус, забралі тэлефон і ноўтбук, паведаміла ПЦ «Вясна».

Марыя Каленік

Марыя Каленік
Марыя Каленік

«Просіць дэкаратыўную касмэтыку, значыць, у яе добры настрой», — кажа Паліна, сястра Марыі Каленік.

Апошні ліст ад сястры з «Валадаркі» Паліна атрымала 12 сьнежня. Ведае, што Марыі шмат пішуць, у тым ліку і незнаёмыя людзі, нават прысылаюць малюнкі.

«Яна і там не журыцца. Як разумею, камэра ў іх дастаткова вялікая, зь ёй, можа, каля 10 сукамэрніц, але мае і месца, каб фізкультурай заняцца. Піша, што рэгулярна робіць „плянку“ — гэта тая ж поза, як для адцісканьня ад падлогі, але статычная. Яшчэ сястра папрасіла перадаць цёплыя рэчы, пальчаткі, шалік. Значыць, іх выводзяць на прагулкі. Адвакат кажа, што выглядае добра, на здароўе ня скардзілася», — расказала Паліна пра сястру.

Тры лісты, якія Паліна адпраўляла на «Валадарку», да яе сястры Машы так і не дайшлі, вярнуліся раскрытыя. З гэтага дзяўчына робіць высновы пра тое, якія навіны нельга атрымліваць вязьням «Валадаркі».

«У адным я напісала пра камунальнікаў, як яны змагаюцца з сымболікай. Пра гэта, значыць, нельга. У другім было пра падзеі ў Акадэміі мастацтваў, дзе Маша вучылася. Відаць, і гэта забароненая інфармацыя. А што можна, акрамя сямейных навінаў? Зь яе лістоў зразумела, што яны там маюць нейкую дзяржаўную інфармацыю пра падзеі ў краіне. Маша неяк напісала, што „беларускіх навінаў ёй хапае“. Значыць, альбо ў іх там ёсьць радыё, альбо ў камэры стаіць тэлевізар», — мяркуе Паліна.

Таксама сястра Марыі Каленік зрабіла пэўныя высновы пра якасьць харчаваньня на «Валадарцы».

«Разумею, што яна тое, што там даюць, ня есьць, а харчуецца ў асноўным тым, што мы перадаём. Нават просіць перадаваць пачачкі з сухой локшынай. Каўбасы, сухафрукты. Кажа, усё добра ідзе».

Паводле Паліны, яе сястра Марыя не асабліва разьлічвае да Новага году выйсьці на волю.

«Часта праскоквае ў яе лістах, што сядзець давядзецца доўга. Ня ведаю, як ідзе сьледзтва, але яна на гэта намякае. Але трымаецца, не скардзіцца. Просіць дэкаратыўную касмэтыку, значыць, у яе добры настрой», — кажа сястра пра Марыю Каленік.

Марыі Каленік 22 гады, яна вучылася на мастака ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, але была адлічаная за ўдзел у пратэстах. Дзяўчыну затрымалі 12 лістапада, у яе доме прайшоў вобшук. Марыі Каленік выстаўлена абвінавачаньне паводле 1 часткі 342 артыкулу (групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

Ксенія Сырамалот

Ксенія Сырамалот
Ксенія Сырамалот

Сястра Ксеніі Сырамалот Кася расказала, як вядзецца крымінальная справа яе сястры:

«Сустрэчы з адвакатам цяпер рэдкія. Яго не выклікаюць, а значыць, сьледчыя дзеяньні вядуцца слаба. Адзінае, што мы можам назіраць, што Ксюшын Telegram пэрыядычна онлайн. Значыць, хтосьці яго ўключае. Баюся, што могуць ад яе імя нешта і напісаць», — падзялілася трывогай сястра Ксеніі Сырамалот.

Пра тое, як сястра ў турме бавіць час, Кася ведае няшмат.

«Чытала „Вайну і мір“, а потым замовіла Караткевіча. Ёй далі „Каласы пад сярпом тваім“, але па-расейску. Цяпер чытае. Але пісала, што там дрэннае сьвятло, ужо пагоршыўся зрок. Пра камэру ведаю, што ў яе спачатку былі дзьве суседкі, потым дадаліся яшчэ дзьве. Піша, што новыя пачалі зь ёй спрачацца, у тым ліку пра палітыку, але яна альбо проста гаворыць нейкія аргумэнты, якія іх хутка бянтэжаць, альбо маўчыць. Яна з кнігамі, да яе прыходзіць шмат лістоў, таму непрыемнасьці перажыць крыху лягчэй зь яе інтравэртным характарам», — расказала сястра Ксеніі Сырамалот.

Дзяўчына падзялілася зьвесткамі ад сястры пра асаблівасьці цэнзуры ў «Амэрыканцы», турме КДБ, дзе да «Валадаркі» сядзела яе сястра Ксенія.

«На „Валадарцы“ цэнзар, калі што ня так, проста не прапускае ад яе ліст, а той, што ідзе да яе, можа вярнуць. Адзін ліст таты так вярнуўся. А вось з КДБ ліст дайшоў з купюрай — закрэсьленымі радкамі. Але закрэсьлена было ня вельмі старанна, можна было прачытаць. Ксюша пісала пра камэру, што яна, „як кавалак піцы“», — расказала сястра Ксеніі Сырамалот.

19 сьнежня на «Валадарцы» Ксенія Сырамалот адзначыла дзень народзінаў, ёй споўніўся 21 год. Як прайшло сьвяткаваньне, сям’я Ксеніі і яе сябры разьлічваюць даведацца неўзабаве ад адваката.

Ксенія Сырамалот вучылася на факультэце філязофіі і сацыяльных навук БДУ, была валянтэркай «Вясны», у «Задзіночаньні беларускіх студэнтаў» займала пазыцыю прэсавага сакратара. Ксенію, як і яшчэ 5 актывістаў ЗБС, затрымалі 12 лістапада, на здымнай кватэры правялі вобшук.

Кася Будзько

Кася Будзько
Кася Будзько

«Сустракаць Новы год буду ў цэнтры Менску, у апартамэнтах, кошт якіх мне пакуль невядомы». Гэтак пажартавала Кася Будзько ў лісьце, які нядаўна атрымалі яе бацькі, жыхары Горадні. «Апартамэнтамі» дзяўчына назвала камэру ў ізалятары на Валадарскага, дзе яна знаходзіцца другі месяц і адкуль, мяркуе, яе вызваляць ня хутка.

Тое ж думае і яе бацька Віталь. «Шмат цёплых рэчаў папрасіла, і сама піша, што гэта яшчэ працягнецца. Новы год, думае, дакладна давядзецца там сустракаць. Вясёлага мала, але яна маральна была да ўсяго падрыхтаваная, не разгубілася», — кажа бацька Касі Будзько.

Паводле Віталя Будзько, ягоная дачка збольшага мае тыя ж праблемы, што і іншыя палітычныя вязьні Валадаркі. «Лісты даходзяць ня ўсе. Ці было так, што перапісвала ліст, нейкае слова не падабалася цэнзарам. Адвакатка зь ёй сустракаецца, але ведаю, што ў сьледзтве нічога не адбываецца. Панабіралі людзей, а цяпер ня ведаюць, што рабіць», — мяркуе Віталь, бацька Касі Будзько.

Кася Будзько — студэнтка Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, прыхільніца «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў». Затрымалі дзяўчыну супрацоўнікі КДБ 12 лістапада, Тады ж у доме, дзе яны жыве, прайшоў ператрус. «Дзьверы ўзламалі, забралі два кампутары, у тым ліку мой стары», — расказаў Віталь Будзько.

У Беларусі цяпер 158 палітычных вязьняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG