Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзеля магчымасьці зноў абняць дачку я гатовы ісьці да канца». Палітвязень Ігар Лосік напісаў пра сваё галадаваньне


Ігар Лосік.
Ігар Лосік.

Палітвязень Ігар Лосік у лісьце з турмы патлумачыў прычыны свайго галадаваньня пратэсту і зьвярнуўся да неабыякавых беларусаў.

«Я абвясьціў галадоўку, таму што больш не засталося ніякай магчымасьці паўплываць на неабгрунтаваныя абвінавачаньні і маё неправамернае знаходжаньне пад вартай. Я несправядліва пазбаўлены волі і магчымасьці ўбачыць сваю сям’ю. За апошнія шэсьць месяцаў я прапусьціў вельмі шмат. Найбольш крыўдна, што не пачуў першыя словы сваёй дачкі», — цытуе ягоны ліст зь няволі тэлеграм-канал «Беларусь галаўнога мозгу».

Паводле Ігара Лосіка, паўгода ён адседзеў у турме на падставе «абсурднага абвінавачаньня ў злачынстве», для зьдзяйсненьня якога павінен быў скарыстацца няйначай як тэлепортам. Ягонае алібі сьледзтва ўпарта ігнаруе.

«Праз паўгода мне прад’явілі яшчэ адно абсурднае абвінавачаньне — падрыхтоўку да ўдзелу ў масавых беспарадках. Як гэта магчыма, калі да майго затрыманьня ні пра якія „масавыя беспарадкі“ наагул гаворкі не ішло? У гэты час не было вядома, чым скончыцца рэгістрацыя кандыдатаў у прэзыдэнты. Мабыць, з пункту гледжаньня сьледзтва, я ўмею прадказваць будучыню», — напісаў Ігар Лосік.

Добра ўсё абдумаўшы і ўзважыўшы ўсе «за» і «супраць», блогер адважыўся на галадаваньне пратэсту, каб дамагчыся справядлівасьці.

«Я цудоўна разумею: сьледам за абвяшчэньнем галадоўкі на мяне можа пачацца ціск: могуць перавесьці ў адзіночку ці ў карцар, пазбавіць асабістых рэчаў, лістоў, прэсы, зносінаў з адвакатам. Я магу займець сур’ёзныя праблемы са здароўем ці нават памерці. Але дзеля магчымасьці зноў абняць дачку я гатовы ісьці да канца. Усё яшчэ веру ў рэшткі сумленьня тых людзей, якія кантралююць расьсьледаваньне гэтых ліпавых абвінавачваньняў», — заявіў Ігар Лосік.

У справе прыцягненьня ўвагі да абуральнай несправядлівасьці і аднаўленьні правоў паўтары сотні палітычных вязьняў Ігар Лосік выказаў спадзеў на падтрымку неабыякавых беларусаў, міжнародных арганізацый, амбасадараў краін Эўразьвязу, урадаў дэмакратычных дзяржаваў.

«Дапамажыце ўсім невінаватым вярнуцца дадому. Наша сям’я, як і сем’і іншых вязьняў сумленьня, ужо дастаткова напакутаваліся за апошні час. Я спыню галадоўку толькі пасьля зьняцьця зь мяне ўсіх абвінавачаньняў або зьмены меры стрыманьня», — зьвярнуўся палітвязень Ігар Лосік.

Разам з Ігарам Лосікам з 15 сьнежня галадала ягоная жонка Дар'я, але сёньня стала вядома, што яна спыніла галадоўку пратэсту.

Дар’я Лосік патлумачыла сваё рашэньне выйсьці з галадаваньня ціскам на сям’ю. Па яе словах, пасьля шматлікіх інтэрвію і відэазваротаў пачаўся моцны прэсінг, пра абставіны якога яна абяцае расказаць пазьней.

У камэнтары для БелаПАН Дар’я Лосік сказала, што адчувае сябе здавальняюча. Пра стан мужа, які галадае шосты дзень, спадзяецца даведацца неўзабаве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG