Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
«Абяцаньні адпусьціць былі, але нічога не адбылося». Жонка лекара Арцёма Сарокіна пра зьняволеньне мужа

«Абяцаньні адпусьціць былі, але нічога не адбылося». Жонка лекара Арцёма Сарокіна пра зьняволеньне мужа


Арцём Сарокін.
Арцём Сарокін.

Арцём Сарокін не спадзяецца на вызваленьне з-пад варты, чакае суду ў наступным годзе.

Лекар-анэстэзіёляг лякарні хуткай мэдычнай дапамогі Арцём Сарокін, якога міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала вязьнем сумленьня, знаходзіцца ў менскім СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага.

  • Генэральная пракуратура распачала крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 178 КК — раскрыцьцё лекарскай таямніцы, якое пацягнула цяжкія наступствы. Гэты ж артыкул інкрымінуюць журналістцы tut. by Кацярыне Барысевіч, яна таксама прызнаная вязьнем сумленьня.
  • Лекар і журналістка былі затрыманыя па справе публікацыі мэдычных дакумэнтаў, якія тычацца сьмерці Рамана Бандарэнкі.
  • Арцёма Сарокіна ўжо двойчы паказалі на дзяржаўных тэлеканалах: ён прызнае віну і апавядае пра тое, што адбылося, адпаведна прэс-рэлізу пракуратуры.

«Гэтае прызнаньне было зроблена дзеля нас», — мяркуе жонка Арцёма Натальля. Яна сказала Свабодзе, што ад моманту затрыманьня ня бачыла мужа. Праз пэўны час пасьля затрыманьня ёй прапаноўвалі спатканьне ў абмен на падпіску аб неразгалошваньні.

Арцём Сарокін зь сям'ёй. 2018 год.
Арцём Сарокін зь сям'ёй. 2018 год.

«Але я ад такога адмовілася. Мяне пастаянна прасілі не размаўляць з журналістамі. Мне пастаянна абяцалі, што вось-вось яго адпусьцяць, нешта памяняецца. Ужо было шмат разоў, калі я яго чакала дадому: абяцаньні адпусьціць былі, але нічога не адбылося, — кажа Натальля. — Я здагадваюся, што абяцаньні былі і яму, бо піша мне, што раней спадзяваўся, а цяпер разумее, што проста чакае суду. А суд будзе ўжо ў наступным годзе».

«Я не разумею, чаму ён там, у СІЗА, я не лічу яго нейкім бандытам»

Меру стрыманьня Арцёму не мяняюць, хаця Натальля падавала аб гэтым хадайніцтва.

«Я прасіла зьмяніць на любую іншую, але каб ён знаходзіўся дома і дапамагаў мне выхоўваць дзяцей. Але нічога не памянялася. Таксама пісалі хадайніцтва яго калегі-дактары, — кажа Натальля. — Я не разумею, чаму ён там, у СІЗА, я не лічу яго нейкім бандытам. Я не лічу, што ён павінен праходзіць па гэтым артыкуле, ня бачу ніякіх доказаў. Але калі чалавек усё прызнаў, то яго трэба было выпусьціць дадому».

Натальля сама працуе лекаркай у лякарні ў Рудзенску. Як яна ставіцца да справы Арцёма з гледзішча лекара?

«Як было насамрэч, я ня ведаю. Але як доктар скажу, што калі гэта і прымаць як разгалошваньне лекарскай таямніцы, то гэта як мінімум частка 1, а не частка 3. Ня бачу доказаў таму, што гэта пацягнула нейкія непрыемныя рэчы для грамадзтва, як пішуць СМІ. Я не размаўляла з мамай Рамана Бандарэнкі, але вядома, што яна ня мае ніякіх прэтэнзіяў да Арцёма».

Натальля кажа, што пасьля затрыманьня мужа яе жыцьцё памянялася: ледзь пасьпявае на працу, бо трэба яшчэ завесьці старэйшых сыноў у школу, дзе яны вучацца ў розныя зьмены, а малодшую дачку ў дзіцячы садок, потым на гурткі, «каб у іх быў такі ж рэжым, як і раней».

«Больш нічога не пасьпяваю, нават ня ўсю інфармацыю чытаю з інтэрнэту, артыкулы пра Арцёма. Працую ня ў месцы жыхарства, і дзеці вучацца ў школе ў горадзе, а мы жывём у вёсцы. Еду на электрычцы, усіх забіраю».

Натальля два месяцы як выйшла на працу пасьля дэкрэтнага адпачынку. Кажа, што працоўнае месца не абсталяванае, пісала лісты пра гэта ў адміністрацыю, але рэакцыі пакуль ніякай.
«Я працую без акушэркі, таму яшчэ эмацыйна складаныя і паходы на працу».

«Сыны пішуць лісты, дапамагаюць зьбіраць перадачу»

Натальля кажа, што дзеці сумуюць па бацьку, пішуць лісты Дзеду Марозу, каб тата вярнуўся.

«Хлопчыкі ўсё ведаюць, малодшай сказалі, што тата ў камандзіроўцы. Яны пішуць лісты, дапамагаюць зьбіраць перадачу, распакоўваць цукеркі ад „фанцікаў“. Адзін хлопчык быў падчас вобшуку і расказаў потым другому, калі той вярнуўся са школы. І я прыняла рашэньне ня ўводзіць дзяцей у зман, бо і так усё зразумела, я плачу, размаўляю па тэлефоне. Яны па-свойму гэта перажываюць. Я, калегі, сябры спрабуем адцягнуць іх цацкамі, забаўкамі, я стараюся, каб яны хадзілі на гурткі. Але вельмі складана цяпер».

Пасьля відэа, якія выйшлі па БТ, сувязь з Арцёмам наладзілася, пачалі даходзіць лісты з-за кратаў. На ўмовы ўтрыманьня ён ня скардзіцца, знаходзіцца ў камэры, дзе разам зь ім сямёра чалавек. Адзіная праблема, кажа Натальля, што мужу не дазваляюць перадаваць кнігі, дапаможнік па анэстэзіялёгіі ён не атрымаў.

Адвакат быў у Арцёма на гэтым тыдні.

«Адвакат пытае, што яму перадаць. А я прашу спытаць, дзе ў нас ялінка ляжыць, бо дзеці просяць ялінку; дзе сьвятло ўключаецца на гарышчы; як аплочваць камуналку — бо гэта ўсё ён рабіў».
Натальля ўдзячная за дапамогу калегам, аднакурсьнікам, сябрам і нават незнаёмым людзям.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG