Лекары шпіталя хуткай мэдычнай дапамогі правялі акцыю салідарнасьці з затрыманым калегам — мэдыкам, які абверг словы ўладаў, нібыта падчас бойкі на «плошчы Пераменаў» Раман Бандарэнка быў п'яны. Мэдыкі трымалі ў руках аркушы з надпісам «0 праміле».
Сьледам за мэдыкамі супрацоўнікі парталу Tut.by сталі ў калідоры з аркушамі «0 праміле» (мэдычная экспэртыза не паказала наяўнасьці алькаголю ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі — насуперак сьцьверджаньням уладаў).
Ужо пятыя суткі ў СІЗА КДБ знаходзяцца доктар лякарні хуткай мэдыцынскай дапамогі Арцём Сарокін, якога Генпракуратура падазрае ў выдаваньні мэдычнай тайны пра сьмерць Рамана Бандарэнкі, і журналіст Tut.by Кацярына Барысевіч, якая напісала пра гэта артыкул.
У чым вінавацяць лекара і журналістку
Затрыманы лекар лякарні хуткай мэдычнай дапамогі Арцём Сарокін, якога Генпракуратура падазрае ў выдаваньні мэдычнай тайны, знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
Пра гэта Свабодзе паведаміла ягоная жонка Натальля. Знаходжаньне пад вартай яму працягнулі і дазволілі перадаць перадачы. Затрыманы лекар працуе анэстэзіёлягам-рэаніматолягам у бальніцы хуткай мэдычнай дапамогі. Ён доктар найвышэйшай катэгорыі, яму 36 гадоў. Натальля таксама лекарка, яны маюць траіх дзяцей. Сям’я жыве ў Пухавіцкім раёне.
19 лістапада Генпракуратура паведаміла, што распачала крымінальную справу супраць доктара лякарні хуткай мэдычнай дапамогі і іншай асобы на падставе ч. 3 арт. 178 КК (выдаваньне мэдычнай тайны, якое прывяло да цяжкіх наступстваў).
Паводле Генпракуратуры, «наўмысна, без службовай неабходнасьці, падазраваны ўступіў у злачынную змову з прадстаўніком інтэрнэт-рэсурсу, якому паведаміў зьвесткі аб выніках мэдычнага агляду Рамана Бандарэнкі».
«Тым самым ён выдаў мэдычную тайну, пры гэтым даў недакладную інфармацыю, — заявілі ў Генпракуратуры. — Дзеяньні названых асобаў пацягнулі за сабой цяжкія наступствы, якія праявіліся ў павышэньні напружанасьці ў грамадзтве, стварэньні атмасфэры недаверу да кампэтэнтных дзяржаўных органаў, падахвочваньні грамадзян да агрэсіі і супрацьпраўных дзеяньняў».
Журналістка TUT.BY Кацярыну Барысевіч была аўтарам артыкула, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Кацярыну пакінулі ў СІЗА КДБ да прад’яўленьня абвінавачаньня. Яна праходзіць падазраванай паводле той самай ч. 3 арт. 178 КК. Яе затрымалі 19 лістапада. Крымінальную справу пачала Генпракуратура.
Што вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі
- Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
- Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
- Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
- У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
- Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
- Раман быў у крытычным стане.
- ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя прыбыла на месца толькі пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
- Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую заяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.
- 19 лістапада затрымалі журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Кацярына Барысевіч была аўтаркай артыкула, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Інфармацыю пра гэта ёй перадаў лекар Арцём Сарокін. Пачатак суду над імі прызначаны на 19 лютага.
- 18 лютага 2021 году, на соты дзень пасьля сьмерці Рамана, Генпракуратура паведаміла яго маці Алене Бандарэнцы, што па факце сьмерці яе сына пачалі крымінальную справу.
- 17 верасьня 2021 справу прыпынілі«з прычыны неўстанаўленьня асобы, якая падлягае прыцягненьню ў якасьці абвінавачанага».