Замежнапалітычнае ведамства ААЭ паведаміла аб завяршэньні ўнутраных працэдураў, неабходных для ўступленьня ў сілу пратаколу «аб унясеньні зьменаў у міжурадавае пагадненьне аб узаемнай адмене візаў для ўладальнікаў дыпляматычных, службовых і спэцыяльных пашпартоў», паведаміў БелаПАН. Пратакол забясьпечыць бязьвізавы рэжым для грамадзян абедзьвюх дзяржаў.
Беларускі бок ратыфікаваў пратакол у сьнежні 2019 году. Пры гэтым размовы пра хуткае падпісаньне ўсіх дакумэнтаў вяліся яшчэ ў 2017–18 гадах.
З 16 студзеня 2021 году ўсе ўладальнікі звычайных беларускіх нацыянальных пашпартоў змогуць уяжджаць, выяжджаць і ехаць транзытам праз тэрыторыю ААЭ, а таксама знаходзіцца на тэрыторыі ААЭ бязь візаў да 90 дзён. Аналягічныя ўмовы ўводзяцца і для грамадзян ААЭ на тэрыторыі Беларусі.
Аб’яднаныя Арабскія Эміраты не ўваходзяць у сьпіс краін «чырвонай зоны», вызначаных міністэрствам здароўя Беларусі для абавязковага карантыну, калі грамадзянін прыяжджае адтуль. Зрэшты, паводле раскладу авіяперавозьніка «Белавія», у бліжэйшыя пасьля пачатку дзеяньня «бязьвізу» тыдні пералётаў паміж Менскам і галоўнымі аэрапортамі ААЭ ў Дубаі і Абу-Дабі няма.