«Зыхожу з таго, што трэба даць магчымасьць беларускаму народу ўнутры разабрацца са сваімі пытаньнямі і вырашыць іх у спакойным рэжыме. Прэзыдэнт Лукашэнка выказаўся на гэты конт неаднаразова. І я зь ім згодны, што трэба рабіць у спакойнай рытмічнай абстаноўцы. Ён ініцыяваў зьмены ў Канстытуцыю. Паглядзім, як гэта ўсё будзе адбывацца», — сказаў Уладзімір Пуцін на прэсавай канфэрэнцыі ў Маскве.
Пуцін падкрэсьліў, што «хацелася б дамагчыся аднаго — без умяшаньня звонку».
«А тое, што мы бачым зараз, на жаль, гэта мае месца, гэта інфармацыйная, палітычная, фінансавая падтрымка апазыцыі з-за мяжы. З-за мяжы нічога добрага ніколі не атрымліваецца. І гэта мае прынцыповае значэньне».
- Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін 17 сьнежня праводзіць традыцыйную прэс-канфэрэнцыю, на якой падводзіць вынікі году. З прычыны абмежаваньняў у сувязі з каранавіруснай інфэкцыяй прэс-канфэрэнцыя праходзіць у незвычайным фармаце. Пуцін знаходзіцца ў сваёй рэзыдэнцыі ў Нова-Агарове. Там таксама знаходзяцца журналісты крамлёўскага пулу. Іншыя журналісты могуць задаваць пытаньні празь відэасувязь.
- Згодна з разьмешчанай на сайце Крамля інфармацыяй, акрэдытацыю атрымалі 774 журналісты. Гэта амаль у 2,5 раза менш, чым год таму, калі на падзею акрэдытаваліся рэкордныя 1895 чалавек.
- Прэс-канфэрэнцыя, як сказаў сам Пуцін, праходзіць з элемэнтамі «прамой лініі», гэта значыць будуць задавацца пытаньні, якія, як цьвердзяць, накіравалі непасрэдна грамадзяне. «Прамая лінія» праз эпідэмію сёлета не праводзілася.