Расея занепакоеная умяшаньнем звонку ва ўнутраныя справы Беларусі, спадзяецца на тое, што народ краіны зможа самастойна вырашыць усе ўнутрыпалітычныя пытаньні, заявіў прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін, інфармуе Інтэрфакс.
«Непакоіць ўмяшаньне звонку: фінансавае падсілкоўваньне, інфармацыйнае суправаджэньне, палітычная падтрымка і гэтак далей. Трэба даць народам магчымасьць самім разабрацца з пытаньнямі, якія ўяўляюць для іх цікавасьць», — сказаў Пуцін на сэсіі Рады калектыўнай бясьпекі АДКБ у рэжыме відэаканфэрэнцыі.
Ён падкрэсьліў, што зьнешняе ўмяшаньне заўсёды тлумачаць лепшым намерамі. «А, як вядома, добрымі намерамі выбрукаваная дарога ў пекла. Вось да чаго вядуць добрыя намеры, умяшаньня ў справы іншых дзяржаў», — дадаў Пуцін.
«Я вельмі спадзяюся на тое, што беларускаму народу хопіць палітычнай сьпеласьці, каб спакойна, без усялякіх рэзкіх рухаў, выбудаваць дыялёг з усімі палітычнымі сіламі, і вырашыць усе свае ўнутраныя пытаньні самім, без усякага ціску і ўмяшаньня звонку», — сказаў прэзыдэнт Расеі.
Ён дадаў, што «не сумняваецца ў тым, што гэта атрымаецца, у тым ліку маючы на ўвазе палітычны вопыт прэзыдэнта Беларусі».
Пуцін адзначыў, што ў перадвыбарнай сытуацыі «даволі часта ўзьнікаюць розныя рухі, канфлікты», гэта нармальная сытуацыя, аднак зьнешняга ўмяшаньня быць не павінна.
Раней Пуцін ужо ня раз рабіў аналягічныя заявы пра недапушчальнасьць вонкавага ўмяшаньня ў сытуацыю ў Беларусі, у тым ліку і ў жніўні 2020 году.
Таксама ў жніўні Пуцін заяўляў, што паводле ягонага загаду ў Расеі сфармаваная рэзэрва сілавікоў для перакідваньня ў Беларусь на дапамогу мясцовым сілам правапарадку.