Як удакладняецца на сайце фінансавай установы, Дзьмітрыя Баскава замяніў Аляксандар Галаў, які быў намесьнікам міністра фінансаў і працаваў на кіроўных пасадах у Нацыянальным банку.
Старшынёй рады дырэктараў «БСБ Банка» застаецца Надзея Ермакова, якая да 10 сьнежня паралельна ўзначальвала часовую адміністрацыю ў «Белгазпрамбанку».
У склад рады таксама ўваходзіць бізнэсовец Сяргей Кагановіч. Сёлета ён разам з Баскавым стаў уладальнікам акумулятарнага заводу пад Берасьцем, мэтазгоднасьць якога прывяла да масавых пратэстаў гараджанаў.
Апошнім часам Дзьмітры Баскаў стаў фігурантам шэрагу скандалаў. У прыватнасьці, яго апазналі сярод удзельнікаў бойкі на «плошчы Пераменаў», пасьля якой атрымаў сур’ёзныя траўмы і памёр мастак Раман Бандарэнка. Там жа быў заўважаны і адзінаборац Дзьмітры Шакута, які, паводле зьвестак ад ягоных калегаў, пакінуў Беларусь.
Таксама Дзьмітры Баскаў сярод арганізатараў аўтапрабегаў за Лукашэнку, падчас аднаго зь іх дэманстратыўна на відэакамэру піў з рыльца гарэлку «Прэзыдэнт».
1 сьнежня Беларускі фонд спартовай салідарнасьці накіраваў заяву ў Міжнародную фэдэрацыю хакея з патрабаваньнем прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасьці Баскава ў сувязі зь дзеяньнямі, якія ганьбяць рэпутацыю папулярнага віду спорту. Ніякага адказу няма дагэтуль.