Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі каго і варта судзіць, дык кіраўніцтва краіны». Расейскія журналісты Позьнер, Сабчак і Сванідзэ падтрымалі зьняволеных беларускіх калег


Расейскі журналіст Уладзімір Позьнер
Расейскі журналіст Уладзімір Позьнер

«Аляксандр Рыгоравіч, журналістам ня месца ў аўтазаку і на нарах. Асабліва калі гэта жанчыны», — зьвярнуўся Мікалай Сванідзэ да Лукашэнкі. З падобнай заявай выступіў і ягоны калега Ўладзімір Позьнер.

Расейскі тэлевядоўца Ўладзімір Позьнер на сваім сайце pozneronline.ru выказаўся пра рэжым Аляксандра Лукашэнкі і рэпрэсаваных беларускіх журналістаў.

Зь яго словаў, нейкі час таму ён атрымаў ліст ад галоўнай рэдактаркі парталу Tut.by Марыны Золатавай. Яна прасіла выказацца пра арышт Кацярыны Андрэевай, Дар’і Чульцовай і Кацярыны Барысевіч — журналістак, якіх трымаюць у СІЗА і якім пагражае турэмнае зьняволеньне на 3 гады за выкананьне прафэсійнага абавязку. Абвінавачаньне гучыць інакш, але сутнасьць такая.

«Наагул, калі саджаюць журналістаў, гэта заўсёды — я настойваю на гэтым — сьведчыць пра страх улады. Пра імкненьне прымусіць журналіста маўчаць, бо ўлада баіцца праўды, баіцца таго, каб праўду даведалася грамадзтва. Гэта характэрна для ўсіх рэпрэсіўных рэжымаў, прыкладам чаго ёсьць і рэжым Лукашэнкі», — адзначыў Уладзімір Позьнер.

Тое, што адбываецца ў Беларусі, як абыходзяцца з пратэстоўцамі, сьведчыць ня толькі аб рэпрэсіўным, а хутчэй аб карным характары рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, перакананы ён.

«Калі каго і варта судзіць, дык гэта кіраўніцтва Беларусі, якое нясе наўпроставую адказнасьць за нечуваную жорсткасьць, зь якой так званыя сілы парадку абыходзяцца з тымі, хто дазваляе сабе гучна пратэставаць супраць рэжыму, які ў сваёй сутнасьці зьяўляецца бесчалавечным», — падсумаваў Уладзімір Позьнер.

Журналістка, экс-кандыдатка ў прэзыдэнты Расеі, Ксенія Сабчак у звароце да Аляксандра Лукашэнкі, апублікаваным парталам TUT.BY, падкрэсьліла, што журналісты трапляюць за краты, бо робяць сваю працу:

«Аляксандр Рыгоравіч, журналісткам і журналістам ня месца за кратамі, нават калі яны не падабаюцца ўладзе. Яны аказваюцца ў турме за тое, што робяць сваю працу. Саджаючы журналістаў, вы паказваеце сваю слабасьць, але вы ня зможаце ўсё роўна такім чынам прымусіць іх маўчаць. Вызваліце, калі ласка, Кацярыну Барысевіч, Кацярыну Андрэеву і Дар'ю Чульцову, перастаньце перасьледаваць журналістаў, і мы ўсе скажам вам дзякуй».

Таксама пра перасьлед незалежных журналістаў у Беларусі выказаўся і іншы вядомы расейскі тэлевядоўца Мікалай Сванідзэ.

«Аляксандар Рыгоравіч, журналістам ня месца ў аўтазаку і на нарах. Асабліва калі гэта жанчыны. Перасьледуючы іх, саджаючы за краты, вы дэманструеце ня сілу, а слабасьць. Вызваліце Кацярыну Барысевіч, Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову, пакіньце журналістаў у спакоі, дайце ім выконваць сваю працу», — зьвярнуўся Мікалай Сванідзэ да Аляксандра Лукашэнкі.

Кацярына Андрэева — журналістка «Белсату». Яе затрымалі 15 лістапада ў Менску і выставілі абвінавачаньне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу.

Дар’я Чульцова — апэратарка «Белсату». 15 лістапада працавала разам з Кацярынай Андрэевай — здымала з акна кватэры тое, што адбываецца на «Плошчы пераменаў». Таксама абвінавачана паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу.

Кацярына Барысевіч — журналістка Tut.by. Генэральная пракуратура завяла на яе крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 178 Крымінальнага кодэксу за артыкул аб стане забітага мастака Рамана Бандарэнкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG