«У пэрыяд з 16 па 18 сьнежня 2020 года экспэрты Эўрапейскай камісіі і Эўрапейскай групы органаў рэгуляваньня ў галіне ядзернай бясьпекі (ENSREG) наведаюць пляцоўку будаўніцтва БелАЭС у рамках партнэрскага агляду нацыянальнага пляну дзеяньняў па выніках стрэс-тэстаў, праведзеных у 2018 годзе», – гаворыцца ў паведамленьні ў телеграм-канале міністэрства энэргетыкі Беларусі.
У склад групы ўвойдуць экспэрты з Бэльгіі, Аўстрыі, ФРГ, Украіны. «Узначаліць групу генэральны дырэктар Цэнтру ядзернай і радыяцыйнай бясьпекі Фінляндыі (STUK) Пэтэры Тыйпана», – паінфармавалі ў Мінэнэрга.
Партнэрская праверка вынікаў стрэс-тэстаў БелАЭС была праведзеная ENSREG у 2017–2018 гадах. Дэфіцыту бясьпекі выяўлена не было. Экспэрты прапанавалі шэраг рэкамэндацый, якія тычацца запасаў бясьпекі звыш вызначаных нарматыўнымі дакумэнтамі і стандартамі бясьпекі патрабаваньняў. Па выніках правядзеньня стрэс-тэстаў БелАЭС у 2019 годзе быў падрыхтаваны адпаведны нацыянальны плян дзеяньняў.
Беларусь завяршае будаўніцтва АЭС побач з горадам Астравец у Горадзенскай вобласьці па расейскім праекце «ВВЭР-1200». Станцыя будзе складацца з двух энэргаблёкаў магутнасьцю 1200 МВт кожны.
Фізычны пуск першага энэргаблёка станцыі адбыўся 20 жніўня, яго ўвод у эксплюатацыю заплянаваны на першы квартал 2021 году. Увод у эксплуатацыю другога блёка чакаецца ў 2022 годзе.
Інцыдэнт на БелАЭС пасьля пуску з удзелам Лукашэнкі
10 лістапада на першым блёку БелАЭС паламалася электратэхнічнае вымяральнае абсталяваньне.
Міністэрства энэргетыкі паведаміла пра паломку на першым энэргаблёку Беларускай АЭС, які ўрачыста адкрывалі 7 лістапада з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.
«На першым энэргаблёку Беларускай АЭС працягваецца этап „Энэргетычны пуск“. Гэты этап прадугледжвае рэжымы працы энэргаблёку на розных узроўнях магутнасьці (да 500 МВт), а таксама праверку ўстойлівасьці працы энэргасыстэмы пры неаднаразовым яе паніжэньні. У ходзе выпрабаваньняў, якія праводзяцца ў адпаведнасьці з праграмай гэтага этапу, выяўлена неабходнасьць замены асобнага электратэхнічнага вымяральнага абсталяваньня. Работы для замены гэтага абсталяваньня ажыцьцяўляюцца згодна з тэхналягічным рэглямэнтам. Цяпер на энэргаблёку праводзяцца выпрабаваньні і работы ў адпаведнасьці з этапнай праграмай. Усе тэхналягічныя сыстэмы функцыянуюць у штатным рэжыме», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні Мінэнэрга.
Паводле Tut.by, выбухнула некалькі трансфарматараў, прызначаных для вымярэньня напружаньня ў сілавых электрычных ланцугах, на адным з агрэгатаў, зьвязаных з генэратарам. Расьсьледаваньне, аднаўленьне схемы выдачы магутнасьці і паўторная наладка зойме шмат часу. Да вытворцы трансфарматараў былі прад’яўленыя гарантыйныя прэтэнзіі.
Пры заканчэньні гідравыпрабаваньняў на АЭС адбылося буйное надзвычайнае здарэньне. З прычыны неадчыненага кляпана пры адпампоўцы вадкасьці ў канцы выпрабаваньняў быў пашкоджаны танкер сыстэмы аварыйнага ахаладжэньня першага рэактара, напісаў пра іншы інцыдэнт на станцыі партал ecohome-ngo.ny, публікуючы заяву Беларускай антыядзернай кампаніі, якая супрацоўнічае ў пытаньнях бясьпекі БелАЭС.
Літва выступае супраць будаўніцтва БелАЭС
Дзяржаўная інспэкцыя бясьпекі атамнай энэргетыкі Літвы запрасіла ў Беларусі інфармацыю пра магчымасьць аварыі на запасной сыстэме ахаладжэньня першага блёку Беларускай АЭС, паведамілі агенцтву BNS у інспэкцыі.
«Інспэкцыя зьвярнулася ў Міністэрства надзвычайных сытуацый Беларусі з тым, каб атрымаць дэталёвую інфармацыю аб непаладках у рэзэрвовай сыстэме ахаладжэньня рэактара першага блёку, стане гэтай сыстэмы і уплыве магчымых непаладак на забесьпячэньне бясьпекі блёку пры правядзеньні работ па яго запуску», — паведаміла інспэкцыя.
У міністэрстве энэргетыкі Літвы са свайго боку паведамілі BNS, што ведамства ня мае афіцыйнай інфармацыі пра інцыдэнт, аднак ведае пра тое, што інспэкцыя бясьпекі зьвярнулася ў беларускае міністэрства.
Літва настойліва пратэстуе супраць узьвядзеньня БелАЭС паблізу яе тэрыторыі і заклікае краіны Эўразьвязу не купляць электраэнэргіі зь яе.
Беларуская антыядзерная кампанія патрабуе спыніць увод у эксплюатацыю першага блёку БелАЭС
19 лістапада Міністэрства энэргетыкі Беларусі распаўсюдзіла інфармацыю аб тым, што першы энэргаблёк БелАЭС пад Астраўцом быў зноў падлучаны да сеткі.
«Гэта адбылося амаль празь дзесяць дзён пасьля надзвычайнага здарэньня, — гаворыцца ў заяве Беларускай антыядзернай кампаніі. — Празь некалькі дзён пасьля энэргапуску, першага падлучэньня блёку БелАЭС да сеткі, якое суправаджалася яго ўрачыстым «адкрыцьцём», у выніку кароткага замыканьня выйшла са строю абсталяваньне. Энэргаблёк быў адключаны ад сеткі, а рэактарная ўстаноўка — ад турбіны, паводле некаторых зьвестак, рэактар быў заглушаны», — паведамляе БАЯК.
Што варта ведаць пра БелАЭС
- Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзілі пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, за 22 км ад мяжы зь Літвой, за 50 км ад Вільні і за 125 км ад Менску.
- Тэрміны запуску некалькі разоў пераносілі. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Лукашэнка пазьней заяўляў, што тэрміны сарвала Расея. Урэшце цырымонія запуску АЭС прайшла 7 лістапада 2020 году.
- Для будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыповы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту збудаваныя блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2, што працуюць у Расеі.
- БелАЭС будуе расейская дзяржаўная кампанія «Росатом» за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу АЭС у эксплюатацыю, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь папрасіла Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
- На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. Праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
- Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычын, каб не будаваць БелАЭС, абвінавачвала беларускія ўлады ва ўтойваньні інфармацыі пра станцыю. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
- Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
- Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць толькі пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
- Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.
- У сакавіку 2023 літоўская выведка заявіла, што Беларусь і «Росатом» у мінулым годзе схавалі інцыдэнты і дэфэкты ў рэактарных сыстэмах на першым і другім энэргаблёках. У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі адпрэчылі абвінавачаньні і заявілі, што такі даклад ёсьць «мэтанакіраванай акцыяй па дыскрэдытацыі БелАЭС».
- Паводле словаў фізыка-атамніка Андрэя Ажароўскага, спыніць станцыю зараз будзе вельмі дорага. Пры гэтым ён схільны давяраць паведамленьням літоўскай выведкі. Шэраг ускосных прыкметаў сьведчыць аб тым, што на Астравецкай АЭС дзясяткі тысяч недаробак.
- Ад пачатку працы АЭС у Беларусі і на пачатак лістападу 2023 электрычнасьць падаражэла на 21–22% у залежнасьці ад тарыфу.
- Першы энэргаблёк АЭС сілкуе энэргасыстэму Беларусі з 3 лістапада 2020 году (прамыслова эксплюатуецца з чэрвеня 2021), другі — з 13 траўня 2023 году.
- З 26 ліпеня другі блёк АЭС спынілі дзеля рамонту, які назвалі плянавым. Ранейшыя рамонты на доўгія месяцы спынялі працу станцыі. Першы блёк БелАЭС ужо прайшоў два плянава-папераджальныя рамонты. У 2022 годзе ён спыняўся для гэтых мэтаў на 198 дзён, у 2023-м — на 68 дзён.
- У жніўні новым міністрам энэргетыкі замест Віктара Каранкевіча стаў Аляксей Кушнарэнка. А былога намесьніка Каранкевіча Міхаіла Міхадзюка, які непасрэдна кантраляваў АЭС, у гэтым жа месяцы пачалі судзіць за атрыманьне хабару.
- 26 жніўня намесьнік міністра энэргетыкі Дзяніс Мароз заявіў пра падрыхтоўку ведамствам справаздачы перад урадам аб мэтазгоднасьці пабудовы другой АЭС.