Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БелАЭС спыніла выпрацоўку электраэнэргіі. Чым гэта пагражае?


Беларуская АЭС.
Беларуская АЭС.

На Беларускай атамнай станцыі ў Астраўцы пацьвердзілі, што электрычнасьць станцыя цяпер не выпрацоўвае, калі працэс адновіцца — невядома. Разьбіраемся разам з экспэртамі, што гэта значыць.

Выпрацоўка электраэнэргіі на Беларускай атамнай станцыі часова прыпыненая, пацьвердзіў Інтэрфаксу прадстаўнік інфармацыйнага цэнтру БелАЭС.

На першым блёку БелАЭС, які Лукашэнка ўрачыста адкрыў 7 лістапада, «выяўлена неабходнасьць замены асобнага электратэхнічнага вымяральнага абсталяваньня». Так пра праблему гаворыцца ў афіцыйным камэнтары Мінэнэрга.

Лукашэнка адкрывае Беларускую АЭС. Астравец, 7 лістапада.
Лукашэнка адкрывае Беларускую АЭС. Астравец, 7 лістапада.

Такім чынам, пасьля афіцыйнага адкрыцьця Лукашэнкам станцыя прапрацавала 2 дні.

«Праблема ў трансфарматарах, але гэта ненармальна»

Паводле расейскага фізыка-ядзершчыка Андрэя Ажароўскага, «там маглі выбухнуць трансфарматары». А праблемы на такіх жа расейскіх станцыях ужо былі.

«Калі запускаўся першы такі ж энэргаблёк на Новаваронескай атамнай станцыі, там адбылося замыканьне генэратара. Гэта была памылка распрацоўшчыка. Вядома, трансфарматары паправяць, але такая сытуацыя абсалютна ненармальная», — кажа Андрэй Ажароўскі.

Такая паломка не нясе пагрозы выкіду радыяцыі. «Рэактар быў заглушаны, і ўсе сыстэмы, здаецца, спрацавалі».

Спэцыяліст кажа, што самы небясьпечны час для АЭС — стартавы, калі АЭС набірае магутнасьць.

«З заміраньнем дыханьня чакаем, калі станцыя будзе набіраць поўную магутнасьць і што будзе адбывацца зь першым контурам рэактара. Ёсьць сумневы, што там усё зроблена належным чынам. Колькі розных рэжымаў там мусяць запусьціць, каб упэўніцца, што ўсё ідзе нармальна, — вялікае пытаньне. Раней аб слуп ударылі ня сам рэактар, а патрубак, які ўключаецца пры аварыйным адключэньні. Як гэта будзе выпрабоўвацца — таксама пытаньне», — разважае Андрэй Ажароўскі.

Беларуская атамная станцыя, Астравец, 7 лістапада.
Беларуская атамная станцыя, Астравец, 7 лістапада.

Паводле спэцыяліста, падобныя ўключэньні і выключэньні станцыі не нясуць стратаў. Страты могуць быць, калі «станцыя пачне працаваць на поўную магутнасьць». У сьнежні 2016 году пры транспартаваньні корпус рэактара ўдарыўся аб слуп. Гэта адбылося на тэрыторыі Беларусі, каля станцыі Слаўнае.

Куды Беларусь падзене электрычнасьць ад АЭС

Ад электраэнэргіі зь БелАЭС адмовілася Літва, Латвія і Эстонія. Ва Ўкраіне таксама сказалі, што набыцьця энэргіі зь БелАЭС у плянах няма. Дык на чым станцыя будзе зарабляць?

Паводле аналітыка Паўла Гарбунова, станцыя будзе выпрацоўваць менш энэргіі, і прадаваць яе будуць беларусам.

«Магутнасьцяў усіх іншых станцый, якія ёсьць у Беларусі (не АЭС), дастаткова, каб забясьпечыць і саму Беларусь, і крыху экспартаваць. Пасьля запуску АЭС астатнія станцыі будуць існаваць і далей, магчыма, некаторыя закрыюцца. На іншых зьменшаць вытворчасьць. Сыстэма адбалянсуецца, але энэргія падаражэе. Вытворчасьць зьменшыцца, а кошт вырасьце», — мяркуе Павал Гарбуноў.

То бок вытворчасьць энэргіі будзе адпаведная попыту, але кошт яе будзе вышэйшы.

Беларуская АЭС пасьля пуска.
Беларуская АЭС пасьля пуска.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG