«Велізарная мужнасьць беларускага народу, які мірна мабілізаваўся для абароны сваіх дэмакратычных правоў і правоў чалавека, натхняе нас усіх. З дапамогай гэтага нядаўна прынятага пакету падтрымкі ЭЗ дае зразумець, што стаіць на баку жыхароў Беларусі і выконвае сваё абавязаньне што да актывізацыі падтрымкі грамадзянскай супольнасьці», — сказаў эўракамісар у пытаньнях суседзтва і пашырэньня Олівэр Вархэі.
«Мы таксама гатовыя падтрымаць дэмакратычны і мірны пераход у краіне ўсімі даступнымі інструмэнтамі ў нашым распараджэньні», — дадаў Вархэі.
Новая праграма дапамогі «EU4Belarus: салідарнасьць з народам Беларусі» будзе сканцэнтраваная ў чатырох ключавых кірунках:
- падтрымка грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ;
- падтрымка моладзі, у тым ліку праз стыпэндыяльную праграму для студэнтаў і маладых спэцыялістаў, якія пацярпелі ад палітычнага крызісу;
- кансультацыйная падтрымка малых і сярэдніх прадпрыемстваў;
- павышэньне ўстойлівасьці здароўя шляхам умацаваньня патэнцыялу беларускага грамадзтва рэагаваць на пандэмію COVID-19.
Гэтая праграма — частка пакету падтрымкі ў памеры 53 млн эўраў, абвешчанага ў жніўні прэзыдэнткай Эўракамісіі Урсуляй фон дэр Ляен.