Зьмены ўступаюць у сілу ад 00.00 гадзін 21 сьнежня і закрануць перасячэньне мяжы іншаземцамі і беларусамі ў абодвух кірунках праз наземныя памежныя пераходы з Латвіяй, Літвой, Польшчай і Ўкраінай.
«Так, часова прыпыняецца выезд грамадзян Беларусі і іншаземцаў, якія пастаянна жывуць у нашай краіне, за выключэньнем асобных выпадкаў. Авіяцыйныя пункты пропуску гэтае абмежаваньне не закране», — гаворыцца ў прэс-рэлізе ведамства.
Мэханізм наземных зносінаў з Расейскай Фэдэрацыяй дакладна не апісваецца, толькі адзначаецца, што расейцы, якія едуць дадому транзытам, трапляюць пад выключэньне. Расея прапускае на сваю тэрыторыю толькі пэўныя катэгорыі грамадзянаў, у тым ліку зь відам на жыхарства і на падставе дакумэнтаў аб працоўнай легалізацыі.
Абмежаваньні на ўезд іншаземцаў праз наземныя пункты пропуску застаюцца ў сіле, яны пачалі дзейнічаць яшчэ 1 лістапада. Акрамя таго, асобам, старэйшым за 6 гадоў, спатрэбяцца мэдычныя дакумэнты з пацьверджаньнем адмоўнага выніку дасьледаваньня на COVID-19.
Беларусы і іншаземцы, якія прыяжджаюць у Беларусь праз наземныя і паветраныя пункты пропуску з краін, у якіх рэгіструюцца выпадкі COVID-19, унесеных Міністэрствам аховы здароўя ў ведамасны пералік, абавязаны быць у самаізаляцыі 10 каляндарных дзён з дня прыбыцьця і да заканчэньня гэтага тэрміну ня могуць выехаць зь Беларусі.
Дакумэнт зацьвердзіў пералік асобаў, якіх не датычаць часовыя абмежаваньні: дыпляматы, чальцы афіцыйных дэлегацыяў, кіроўцы-міжнароднікі, іншаземцы, якія прыяжджаюць для працы і мэдычнай дапамогі, грамадзяне Беларусі, якія выяжджаюць за мяжу на падставе паведамленьня аб сьмерці або хваробы сваяка, а таксама працаваць, у службовую выправу, вучыцца.
У асаблівых выпадках могуць прымацца прыватныя рашэньні аб пропуску празь мяжу.
Як удакладнілі ў камітэце, мяжа будзе працаваць, але з стражэйшымі абмежаваньнямі дзеля перадухіленьня распаўсюду каранавіруснай інфэкцыі.