Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты, якія дапамагаюць жыць. Прапануе Натальля Дуліна


Марш пэнсіянэраў і лекараў у Менску, 30 лістапада 2020 г.
Марш пэнсіянэраў і лекараў у Менску, 30 лістапада 2020 г.

Працягваем рубрыку «Цытаты, якія дапамагаюць жыць».

Натальля Дуліна:

У мяне ня вельмі добрая памяць. Скажам прама, вельмі нядобрая. Я дрэнна запамінаю вершы, тэксты песень, вельмі мала ведаю на памяць. З прозай крыху лепш, як ні дзіўна. Часам бывае так, што прачытаеш нешта — і застаецца эмоцыя, моцная эмоцыя, і ў нейкі момант яна да цябе вяртаецца, і ў памяці ўсплываюць даўно забытыя радкі.

Так здарылася і са знакамітым выказваньнем пісьменьніка Бруна Ясенскага — эпіграфам да яго незавершанага раману «Змова абыякавых», — якое, напэўна, многія ведаюць і памятаюць. Гэтыя словы, якія я прачытала ўпершыню шмат-шмат гадоў таму, раптоўна ўсплылі ў маёй памяці ў разгар сёлетніх падзей, і я яшчэ раз адчула самыя моцныя эмоцыі. А прычынай стала рэакцыя некаторых маіх калег на тое, што адбывалася і адбываецца ў нашай краіне, іх аддаленасьць і нежаданьне ў чым-небудзь удзельнічаць і нешта камэнтаваць. Поўная пустата.

Вось гэтыя радкі:

Ня бойся ворагаў — у горшым выпадку яны могуць цябе забіць. Ня бойся сяброў — у горшым выпадку яны могуць цябе здрадзіць. Бойся абыякавых — яны не забіваюць і ня здраджваюць, але толькі зь іх маўклівай згоды існуе на зямлі здрада і забойства.

Наогул мяне неяк больш уражваюць выслоўі экзыстэнцыяльнага характару, якія прымушаюць задумацца пра сутнасьць чалавека, пра яго паводзіны, пра сэнс таго, што ён робіць, пра самае яго існаваньне. Напэўна, таму мяне так зьдзіўляюць выказваньні Віктара Франкля, вядомага аўстрыйскага псыхіятра, стваральніка вучэньня пра імкненьне чалавека да сэнсу. У апошні час, гледзячы на сваіх суайчыньнікаў, захапляючыся імі, дзівячыся іх мужнасьці і рашучасьці, я ўсё часьцей успамінаю яго пранізьлівыя мэтафары. Вось адна зь іх:

Чалавек чымсьці падобны на самалёт. Самалёт можа езьдзіць і па зямлі, але каб даказаць, што ён — самалёт, ён павінен падняцца ў паветра. Гэтак сама і мы: калі не паднімемся над сабой, ніхто і не здагадаецца, што мы зможам паляцець.

У гэтыя дні я, як і ўсе мы, са зьдзіўленьнем выявіла, якія ж мы моцныя! Я думаю, што галоўнае, што нас робіць моцнымі — гэта наша салідарнасьць, шчодрыя цёплыя пачуцьці адзін да аднаго, неабыякавасьць і ўзаемадапамога. І я прыгадала яшчэ адну цытата. Гэтыя словы вельмі кранулі мяне, яны сугучныя таму, што я думаю і адчуваю:

Чалавек можа ўсё. Межаў яго сіле няма, калі наперадзе агонь надзеі. Гэта вельмі добра ведаюць гуманісты, фанатыкі і закаханыя.

(Уладзімер Караткевіч)

Усё, што з намі цяпер адбываецца, зьмяняе ня толькі сьвет вакол нас, але і адкрывае нам саміх сябе. Я думаю, што галоўнае — быць самім сабой, паводзіць сябе так, як падказвае табе тваё сэрца, тваё сумленьне, як гэта ўласьціва табе. Менавіта таму я веру ў мірны пратэст, у яго сілу, у тое, што менавіта гэты шлях прывядзе нас да перамогі.

Натальля Дуліна — італьяністка, звольненая выкладчыца Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту, сябра Каардынацыйнай Рады. Адбыла 14 сутак арышту ў Баранавічах за тое, што падтрымала студэнцкі страйк і пратэст ва ўнівэрсытэце.

Выбар рэдакцыі:

'I canʼt do itʼ never yet accomplished anything; ʼI will tryʼ has performed wonders.

Падыход «Я не магу гэтага зрабіць» ніколі яшчэ нічога не дасягнуў; падыход «Я паспрабую» зьдзейсьніў цуды.

(George F. Burnham)

Джордж Бэрнэм (1868–1939) — амэрыканскі банкір і палітык-рэспубліканец.

On ferait beaucoup plus de choses, si lʼon en croyait moins dʼimpossibles.

Мы зрабілі б намнога больш спраў, калі б не лічылі іх немагчымымі.

(Chrétien Guillaume de Lamoignon de Malesherbes)

Крэт’ен Гіём дэ Лямуанён дэ Мальзэрб (1721–1794) — францускі дзяржаўны дзеяч. Быў адвакатам караля Людовіка XVI, якога ў 1793 годзе рэвалюцыйныя ўлады Францыі пакаралі сьмерцю на гільятыне. Сам Мальзэрб таксама стаў ахвярай рэвалюцыйнага тэрору.

Цытаты дасылайце Яну Максімюку на ягоную электронную пошту maksymiukj@rferl.org альбо праз Messenger на ягонай старонцы ў Фэйсбуку: https://www.facebook.com/jan.maksymiuk.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG