Цяпер, перад тым як 15 сьнежня абвясьціць канчатковы сьпіс кандыдатаў, супрацоўнікі ЦВК зоймуцца праверкай здадзеных матэрыялаў. Кожны кандыдат мусіць сабраць ня менш за 30 тысяч подпісаў у сваю падтрымку і ўнесьці суму адзін мільён сом (прыкладна 11 800 даляраў ЗША).
Галасаваньне прызначылі на 10 студзеня на фоне палітычнага крызісу, зьвязанага з масавымі акцыямі апазыцыі на пачатку кастрычніка супраць афіцыйных вынікаў парлямэнцкіх выбараў. Незадаволенасьць прывяла да адстаўкі ўраду і сыходу з пасады прэзыдэнта Сааранбая Джээнбекава.
Садыр Джапараў, які ў пэрыяд пратэстаў быў вызвалены з турмы, дзе адбываў пакараньне за выкраданьне палітычнага суперніка, быў прызначаны членамі парлямэнту новым кіраўніком ураду, а пасьля адстаўкі Джээнбекава ўзяў на сябе прэзыдэнцкія функцыі.
У сярэдзіне мінулага месяца Джапараў часова склаў зь сябе паўнамоцтвы выканаўцы абавязкаў прэзыдэнта і прэм’ер-міністра — для ўдзелу ў прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі.