Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У дзень нараджэньня Паўла Шарамета зьявіўся сайт у памяць пра яго


Павал Шарамет
Павал Шарамет

Сёньня Паўлу Шарамету споўнілася б 49 гадоў. Раніцай 20 ліпеня 2016 году, калі ён ехаў на радыёэфір, у цэнтры Кіева ягоны аўтамабіль узарваўся.

Сямʼя, сябры і калегі журналіста Паўла Шарамета стварылі фонд «Свабода і салідарнасьць», каб захаваць тое, што стварыў журналіст, а таксама працягнуць ягоную справу: падтрымаць маладых журналістаў і свабоду слова ў Беларусі, Украіне і Расеі. Сёньня пачаў працаваць сайт pavelsheremet.com, дзе можна знайсьці інфармацыю пра фонд, а таксама гісторыю Паўла Шарамета, ягоныя інтэрвію, фільмы і кнігі, паведаміў «Беларускі партызан».

«Час імкліва мкне наперад. Вось ужо чатыры гады, як з намі няма Паўла. Вельмі хацелася б, каб сайт, які пачынае сваю працу ў памяць пра яго, быў рупарам для ўсіх журналістаў, праваабаронцаў і простых людзей, якія не баяцца гаварыць праўду. Бо дэвіз, зь якім жыў і працаваў Павал: — „Сіла ня ў сіле, сіла – у праўдзе!“», — сказала маці Паўла, старшыня фонду Людміла Шарамет.

На сайце будуць зьяўляцца навіны пра магчымасьці фонду, актуальныя для журналістаў Беларусі, Расеі і Ўкраіны. Тут можна паглядзець дакумэнтальныя фільмы Шарамета, прачытаць ягоныя кнігі і матэрыялы.

Паўла Шарамета арыштавалі ў Беларусі за крытычныя матэрыялы і ў 1997 годзе дэпартавалі ў Расею. Пазьней беларускія ўлады пазбавілі яго беларускага грамадзянства.

З 1998 году Шарамет працягваў працаваць тэлежурналістам у Расеі. Але ў канцы 2000-х пакінуў «Первый канал», каб не мірыцца з цэнзурай і ціскам.

З 2012 году Шарамет жыў і працаваў у Кіеве.

Пасьля гібелі яго пахавалі на Паўночных могілках пад Менскам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG