Пра гэта паведамляе апэратыўны штаб барацьбы з пашырэньнем каранавірусу. Гэта максымум сьмерцяў ад COVID-19 за дзень ад пачатку пандэміі. Папярэдні максымум сьмяротных выпадкаў фіксаваўся 26 лістапада — тады памерлі 524 чалавекі.
Паводле афіцыйных зьвестак, усяго з пачатку распаўсюджваньня COVID-19 у Расеі ён стаў прычынай сьмерці больш як 40 тысяч чалавек. Гэтыя дадзеныя значна адрозьніваюцца ў меншы бок ад дадзеных дзяржаўнага агенцтва «Росстат». Толькі з красавіка па верасень агенцтва зафіксавала больш як 55 тысяч памерлых. У ведамстве ўключаюць у сваю статыстыку тых, у каго каранавірус выявілі ўжо пасьля сьмерці, а таксама тых, хто памер ад ускладненьняў на фоне COVID-19.
Паводле Інфармацыйнага цэнтру маніторынгу сытуацыі з каранавірусам Міністэрства аховы здароўя Расеі, з красавіка па лістапад у гэтай краіне на ложках для хворых каранавірусам памерлі 74 866 пацыентаў. Гэта як мінімум у два разы больш, чым усіх ахвяраў COVID-19 у Расеі паводле афіцыйных дадзеных, паведамляе «Медиазона» са спасылкай на крыніцу, у якой ёсьць доступ да інфармацыйнай сыстэмы.
Паводле зьвестак на 1 сьнежня, каранавірусную інфэкцыю выявілі яшчэ ў 26 402 чалавек. Агульная колькасьць інфікаваных у Расеі перавышае два мільёны. Паправіліся за суткі 24 763 пацыенты з COVID-19.
Як заявіў учора кіраўнік Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя Тэдрас Гебрэесус, колькасьць новых выпадкаў захворваньня COVID-19 у сьвеце за тыдзень зьменшылася ўпершыню з пачатку верасьня. Прычына, паводле яго, у зьніжэньні тэмпаў захворваньня ў Эўропе дзякуючы «цяжкім, але неабходным захадам», прынятым у большасьці эўрапейскіх краінаў.
Паводле інфармацыі на тэлеграм-канале Міністэрства аховы здароўя Беларусі, у краіне за апошнія суткі выявілі 1 тысячу 572 пацыенты з COVID-19, выпісалі 893 пацыенты. Памерлі 8 чалавек. Паведамляецца, што ад пачатку пандэміі памерлі 1 тысяча 166 чалавек з выяўленай каранавіруснай інфэкцыяй.
Незалежныя экспэрты ставяць пад сумнеў афіцыйныя зьвесткі. Штодзённыя брыфінгі Міністэрства аховы здароўя спыніла яшчэ ўвесну.