Ці ўплывае грамадзкая думка на ўладу ў аўтарытарных сыстэмах? Што вынікае з апытаньня ў 58 краінах, у якім Беларусь апынулася сярод лідэраў паводле асуджэньня палітыкі ўладаў у барацьбе з каранавірусам?
На гэтыя пытаньні ў інтэрвію Свабодзе адказаў кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні, прафэсар Андрэй Вардамацкі.
Сьцісла:
- Сэнс параўнаньня вынікаў апытаньня паміж краінамі — гэта, крыху спрашчаючы, параўнаньне ўзроўняў незадаволенасьці сярод незадаволеных
- Пасьлядоўнасьць дзеяньняў топ-мэнэджмэнту Беларусі заўважна мянялася ў выніку ўзьдзеяньня «мяккай сілы» з боку грамадзтва
- Навошта аўтарытарныя рэжымы трымаюць такі вялікі атрад ідэалягічных супрацоўнікаў, прапагандыстаў?
- Тэза, што грамадзкая думка не працуе ў аўтарытарных сыстэмах — няслушная і ўвогуле, і адносна Беларусі
- Што тычыцца гэтай канкрэтнай каранавіруснай сытуацыі, можна казаць пра ўмацаваньне ўплыву грамадзкай думкі
- Інфармацыя пра сьмерць мяняе паводзіны значна хутчэй, чым інфармацыя пра зьніжэньне дабрабыту ці асаблiвасьцi электаральных падлікаў
- У Расеі ёсьць незадаволенасьць і наяўнасьцю, і адсутнасьцю карантыну
- Пратэсты адбываюцца супраць няправільнага балянсу паміж карантынам і станам эканомікі. І ў Беларусі, і ў Расеі. Ключавое слова тут — не карантын і не эканоміка, а балянс
- Рэакцыя грамадзтва — на інфармацыю, а не на рэальнасьць як такую
- Дэмакратыя ці дыктатура — гэта не заўсёды тое ўнівэрсальнае тлумачэньне, якое тлумачыць усё
Напрыканцы сакавіка — на пачатку красавіка міжнародная група навукоўцаў з 12 вядучых унівэрсытэтаў сьвету, у тым ліку Гарварду, Кембрыджу i Оксфарду, правяла ў 58 краінах, сярод якіх была і Беларусь, дасьледаваньне, мэтай якога было высьветліць, як жыхары розных краін рэагуюць на эпідэмію каранавірусу.
У пэрыяд з 20 сакавіка па 6 красавіка на пытаньні анкеты адказалі 110 968 чалавек (3300 — зь Беларусі). Гэта найбуйнейшае міжнароднае сацыялягічнае дасьледаваньне па тэматыцы каранавірусу. У Беларусі афіцыйным партнэрам дасьледаваньня была Беларуская аналітычная майстэрня пад кіраўніцтвам Андрэя Вардамацкага.
— Як праводзілася гэтае дасьледаваньне, у прыватнасьці, у Беларусі? Цяпер з прычыны пандэміі праводзіць клясычныя апытаньні «твар у твар», напэўна, складана. Гэтае апытаньне, наколькі я ведаю, праводзілася цэнтралiзавана онлайн, сярод найбольш актыўных людзей. Таму трэба цьвяроза ставіцца да выбаркі. Што можна сказаць, каб быць мэтадалягiчна карэктным?
— Варта сказаць, што гэта сапраўды апытаньне актыўных людзей, гэта думка хутчэй незадаволеных. Так што сэнс параўнаньня гэтых вынікаў паміж краінамі — гэта, крыху спрашчаючы, параўнаньне ўзроўняў незадаволенасьці сярод незадаволеных. Ня толькі незадаволеных, але ў цэлым больш сацыяльна актыўнай публікі. I з прычыны таго, што час хутка ідзе — гэта інфармацыя пра тое, як Беларусь уваходзіла ў эпідэмію.
— Патлумачце нашым чытачам, што значыць онлайн-апытаньне?
— Проста быў сайт, на які чалавек мог прыйсьці і запоўніць анкету. Гэта ня тая сытуацыя, калі вам iнтэрвіюер настойліва грукае ў дзьверы ці тэлефануе, не апытаньне «твар у твар».
— Паводле дасьледаваньня, 86% апытаных беларусаў лічаць, што ўлады робяць недастаткова ў барацьбе з пандэміяй, дзейнічаюць неэфэктыўна. Горшыя ацэнкі — толькі ў Турэччыне. Ці азначаюць такія беларускія ацэнкі, што падобнае аднадушша можа прымусіць уладу зьмяніць гэтую палітыку?
— Гэта тая сытуацыя, калі грамадзтва ўпершыню кіруе. Пасьлядоўнасьць дзеяньняў топ-мэнэджмэнту краіны заўважна мянялася ў выніку ўзьдзеяньня «мяккай сілы» з боку грамадзтва. І гэта дакладна бачна па інфармацыйнай палітыцы. Яна стала больш адкрытай і аб’ёмнай. Зьмены пад уплывам бацькоў адбыліся ў паводзінах Мiнiстэрства адукацыі.
— Ёсьць меркаваньне, што ў аўтарытарных краінах грамадзкая думка ні на што не ўплывае. Ці так гэта — і наогул, і ў дачыненьні да Беларусі ў прыватнасьці? Вы сказалі, што ўлада мяняе сваю палітыку. Але, можа, яна гэта робіць пад уплывам абставінаў, хуткага росту распаўсюду каранавірусу? А грамадзкая думка тут ні пры чым, асабліва думка незадаволеных?
— Заўсёды ёсьць комплекс прычынаў. Што тычыцца тэзісу пра тое, што ў аўтарытарных сыстэмах грамадзкая думка ня мае значэньня — у мяне пытаньне. А навошта адпаведныя рэжымы трымаюць такі вялікі атрад ідэалягічных супрацоўнікаў, прапагандыстаў? Трэба асэнсаваць факт, што іх шмат тысяч. І іх функцыя — гэта менавіта фармаваньне грамадзкай думкі. Навошта траціць немалыя грошы, навошта займаць шмат людзей тым, што ні на што не ўплывае? Тэза, што грамадзкая думка не працуе ў аўтарытарных сыстэмах — няслушная і ўвогуле, і адносна Беларусі. Уся зьнешнепалітычная дзейнасьць Пуцiна — гэта насамрэч расповед пра ўнутрырасійскую грамадзкую думку.
У сацыяльных сыстэмах не бывае, каб нешта альбо зусім не рабіла ўплыву, альбо адназначна вызначала. Гэта сацыяльная, а не фізычная сыстэма, тут няма абсалютных плюсаў цi мiнусаў, тут ёсьць толькі ступені.
У адной сыстэме — дэмакратычнай — грамадзкая думка працуе хутка i наўпрост, у іншых — апасродкавана і не адразу. Але грамадзкая думка ўплывае на рашэньні ўлады паўсюль. І Беларусь тут ніякае не выключэньне.
Што тычыцца гэтай канкрэтнай каранавіруснай сытуацыі, можна казаць пра ўмацаваньне ўплыву грамадзкай думкі. І яно зьвязана з паглыбленьнем, умацаваньнем матывацыі. Калі раней гаворка ішла пра заробкі, цяпер — пра жыцьцё. Тут погляды i меркаваньні ўвасабляюцца ў паводзіны значна хутчэй і часьцей. Мацнейшая матывацыя — карацейшая дыстанцыя паміж думкай і паводзінамі.
Інфармацыя пра сьмерць мяняе паводзіны значна хутчэй, чым інфармацыя пра зьніжэньне дабрабыту ці асаблiвасьцi электаральных падлікаў. Людзі страцілі сваіх родных, і яны гавораць публічна рэчы, якіх яны раней ніколі б не сказалі. Мы бачым экзыстэнцыйныя прарывы ў людзей, якія страцілі блізкіх — яны не баяцца нічога і ўслых гавораць такія рэчы, якіх ніколi б не казалi ў іншай сытуацыі.
Інфармацыя пра рост цэнаў ці колькасьць бюлетэняў на выбарах — гэта адно, а інфармацыя пра тое, як да цябе падбіраецца старая з касой — гэта крыху іншае.
— У апытаньні вельмі нэгатыўную ацэнку дзеяньням уладаў далі рэспандэнты ў Турэччыне, Амэрыцы і Расеі. Ці не атрымліваецца так, што ў Беларусі людзі масава незадаволеныя тым, што няма карантыну, у Расеі — тым, што ён ёсьць?
— У Расеі ёсьць незадаволенасьць і наяўнасьцю, і адсутнасьцю карантыну. Так, у Расеі ёсьць пратэсты і супраць карантыну, яскравы прыклад — пратэсты ўва Ўладзікаўказе супраць закрыцьця прадпрыемстваў. Але там ёсьць пратэст і супраць няправільнага карантыну.
У Маскве ўвялі пропускі ў мэтро. Але на станцыях мэтро ўзьнікалі натоўпы. І гэта перакрэсьлівала ўвесь карантын. Расея вялікая, і там розныя праявы — як супраць карантыну, гэтак і супраць недастатковага карантыну. Пратэсты адбываюцца супраць менавіта няправільнага балянсу паміж карантынам і становішчам эканомікі. І ў Беларусі, і ў Расеі. Ключавое слова тут не карантын і не эканоміка, а балянс.
— У Беларусі, па афіцыйных дадзеных, на 28 красавіка 79 чалавек памерлі ад вірусу, у Бэльгіі, дзе таксама прыкладна 10 млн насельніцтва, — у 100 разоў больш, 7331. Тым ня менш у Беларусі, паводле вашага апытаньня, 86% незадаволеныя дзеяньнямі ўладаў падчас эпідэміі, а ў Бэльгіі, паводле таго ж апытаньня, — толькі 40%. Як гэта можна растлумачыць?
— Гэта стандартная мэдыйная сытуацыя. У Бэльгіі іншы ўзровень мэдыйнай адкрытасьці. Калі людзям падрабязна і рэгулярна тлумачаць, то нават сытуацыя, якая паводле абʼектыўных, мэдычных паказьнікаў горшая, успрымаецца спакайней.
Цяпер спэцыфіка Беларусі ў тым, што з прычыны першапачатковага інфармацыйнага туману ў людзей сфармавалася агульная нэгатыўная ўстаноўка адносна традыцыйных мэдыя. Людзi пачалi прадукаваць iнфармацыю самастойна. I часам ня будуць цанiць i тое добрае, што робіцца. А робіцца шмат — гэта i праца гераічных мэдыкаў, i чыстка вулiц Менску, і г. д. Але ж будзе працаваць эфэкт нэгатыўнай адаптацыі.
— Справа ў абʼектыўных ці субʼектыўных чыньніках сытуацыі? Там вераць, што ім кажуць праўду, а ў Беларусі — ня вераць? А ці праўду гавораць улады з Брусэлю ці Менску — адказу наагул ніхто ня ведае?
— Рэакцыя грамадзтва адбываецца на інфармацыю, а не на рэальнасьць як такую. Калі людзі ўспрымаюць інфармацыю ўладаў як абʼектыўную, то напружанасьць меншая. Ёсьць розьніца паміж інфармацыяй пра рэальнасьць і самой рэальнасьцю.
— Інфармацыю ўладаў пра пандэмію ў Беларусі лічаць, паводле вашага апытаньня, непраўдзівай 63%. Таксама шмат, але менш, чым у ЗША (75%). Але там свабода, дэмакратыя і падсправаздачнасьць улады народу. Чаму ж там такія кепскія ацэнкі, горшыя, чым у дыктатарскай Беларусі?
— У ЗША быў значна большы ўдар пандэміі. Уявiце сабе аэрапорт JFK у Нью-Ёрку. Гэта каранавірусны «ідэальны шторм». Дзьмулі вятры і кітайскія, і італьянскія, і гішпанскія, і любыя іншыя. Маштаб і хуткасьць удару прывялі да таго, што людзі там ня верылі наагул нічому.
Другая прычына — гэта палітычна расколатае грамадзтва ў ЗША. За Трампа — супраць Трампа. Там ідуць два патокі інфармацыі, якія даюць супрацьлеглыя мэсыджы і інтэрпрэтацыі. І гэта дэзарыентуе. У Беларусі ідуць рознаскіраваныя патокі інфармацыі ад мэдыя дзяржаўных і недзяржаўных. А там абодва патокі інстытуцыйныя, паважаныя. І ў гэтым цяжка разабрацца.
Гэта і спараджае дэзарыентацыю, якая склалася ў ЗША. Дэмакратыя ці дыктатура — гэта не заўсёды тое ўнівэрсальнае тлумачэньне, якое тлумачыць усё.
— Паводле апытаньня, беларусы менш, чым іншыя народы сьвету, прымаюць у сытуацыі пандэміі засьцерагальныя захады — ад мыцьця рук да дыстанцыяваньня. У чым прычына? Таму што няма афіцыйных заклікаў, а то і яны адваротныя, асабліва з вуснаў прэзыдэнта? Слухаюцца Лукашэнку? Чаму, калі ня вераць яму і палітыку яго лічаць памылковай?
— Дадзеныя апытаньня — гэта дадзеныя трохтыднёвай і большай даўнасьці. Цяпер сытуацыя, безумоўна, іншая. Магчыма, цяпер антыэпідэмічныя паводзіны беларусаў зьмяніліся.
Але тады, напрыканцы сакавіка — на пачатку красавіка з боку нацыянальных СМІ не падавалася паведамленьня пра пагрозу пандэміі. Грамадзкая думка супярэчлівая. Людзі ня вераць афіцыйным СМІ, але яны і ня робяць дзеяньняў, ці ў меншай ступені, чым у іншых краінах, робяць дзеяньні, якія наўпрост супярэчаць мэсыджу афіцыйных СМІ сваёй краіны.