By_Pol апублікавала відэа зь мікрааўтобуса сілавікоў падчас маршу 18 кастрычніка.
Відэа паказвае сытуацыю ў адным зь мікрааўтобусаў зь сілавікамі, якія 18 кастрычніка падчас «Партызанскага маршу» перастрэлі пратэстоўцаў каля ўнівэрмага «Беларусь». У відэа шмат нецэнзурных слоў.
Сілавікі разважаюць, як ім дзейнічаць, па кім страляць; рыхтуюць гранаты, але ўрэшце вырашаюць хутка зьехаць. Яны яшчэ раз спыняюцца кварталам далей, каля вуліцы Васьняцова, зьбіраюцца пашыхтавацца ў «баявы парадак» і просяць дапамогі.
Як вядома, на маршы 18 кастрычніка пратэстоўцы прайшлі міма вуліцы Васьняцова і мусілі збочыць з Партызанскага праспэкта перад заслонам сілавікоў кварталам далей, на вуліцы Ванеева.
Гэта ўжо другое відэа, апублікаванае з камэраў сілавікоў. Днём раней зьявіліся кадры затрыманьня і перавозкі пратэстоўцаў у аўтазаку.