— Справа ў тым, што пасьля таго, як я выйшаў пасьля сутак, якія мы атрымалі з маім сябрам і калегам, вакалістам знакамітага ва ўсім сьвеце гурту Gods Tower, Лэсьлі Найфам, выйшлі мы 27 верасьня, мне таемна расказалі аб меркаваньні кіраўніцтва. Калі я буду працягваць і калі мяне затрымаюць яшчэ раз, са мной давядзецца разьвітацца. Ну, гэта практыка звычайная. Я жыву даўно, мне вядомы і памятны вопыт Савецкага Саюзу.
Потым я трапіў на той самы каранавірус, пайшоў на бальнічны. І ўжо з бальнічнага я ня выйшаў. Плюс да ўсяго працаваць у эфіры пасьля выхаду з турмы. Нягледзячы на тое, што гэта адміністрацыйныя затрыманыя, але ўтрымліваюцца яны, асабліва цяпер, ва ўмовах турэмнага агульнага рэжыму ці нават строгага рэжыму.
— Як адрэагавалі вашы калегі на вашае звальненьне? Ці была нейкая падтрымка, і наогул якая атмасфэра ў рэдакцыі?
— У сувязі з тым, што адбываецца ў нас у краіне і, у прыватнасьці, у горадзе, і што тычыцца эпідэміялягічнага становішча, як той казаў, галава круціцца ва ўсіх. Паўстаў канфлікт на аснове каранавірусу. Так атрымалася, што я ў ім сыграў нейкую скрыпку. Разам з тым, што немагчыма працаваць, калі мае сябры і калегі знаходзяцца ў зьняволеньні, калі людзей зьбіваюць, калі людзей забіваюць, немагчыма весьці забаўляльнае шоў. Мной было прынятае рашэньне звольніцца. Плюс да ўсяго мне было сказана, што эфір рэфармаваны і для мяне ў дадзены момант працы на станцыі няма.
— І што плянуеце далей?
— Я музыкант. І ў мяне ёсьць дзьве рукі, дзьве нагі, я магу нешта рабіць. Побач у суседніх крамах патрэбныя грузчыкі, патрэбныя прадаўцы, патрэбныя падсобныя рабочыя. Мяне нічога не палохае.
— Як вы лічыце, якая роля дваровых канцэртаў у пратэстах, чаму іх так баяцца тыя, хто зараз пры ўладзе ў Беларусі?
— Вельмі цікавая гісторыя з тым, што адрасна пачалі затрымліваць два тыдні таму, калі за адну толькі суботу было схоплена парадку пятнаццаці музыкаў, менавіта музыкаў. То бок артысты, музыканты, мастакі, дырыжоры зьяўляюцца небясьпечнымі для дзейнай улады або для сілавікоў. Музыка, вы ня будзеце адмаўляць, гэта адзін з важных інструмэнтаў узьдзеяньня. Я не кажу цяпер пра прапаганду. Я кажу пра тое, што можна словамі і мэлёдыяй, і рытмам перадаць настрой, падтрымаць. Таму дваровыя канцэрты — гэта і падтрымка тых, хто адчувае нейкую псыхалягічную траўму. Калі ў двор да цябе прыходзяць нейкія дзіўныя людзі. Якія без апазнавальных знакаў, але яны кажуць, што яны міліцыя. Такая зараз абстаноўка. А мы проста яе нейкім чынам разраджаем і даем людзям надзею на будучыню. Гэта, магчыма, камусьці не падабаецца.
— Зараз пахаладала, я так разумею, што не сэзон для дваровых канцэртаў. Вы неяк плянуеце далей працягваць, мяняць фармат гэтых пратэстаў?
— Нягледзячы на тое, што ціск працягваецца і працягваецца паляваньне на музыкаў і артыстаў, усё роўна акцыі працягваюцца, проста мяняецца тактыка. Якім чынам яна зьмяняецца, я вам у жывым эфіры з пэўных прычын расказаць не магу.
— А як вы лічыце, які будзе далейшы лёс пратэстаў?
— Вядома, зараз вельмі модныя паражэнчыя настроі, але мы зь імі ўсяляк змагаемся. Людзей ужо не спыніць. І зараз мы праходзім той шлях, які Беларусь павінна была прайсьці яшчэ ў 91-м годзе, або ў 95-м, ці ў 96-м. Мы зараз праходзім той шлях, які прайшла Ўкраіна. Але Ўкраіна прайшла яго вялікай крывёй. У нас пакуль атрымліваецца вялікай крыві пазьбегнуць. Але ў нас ужо ёсьць ахвяры. У нас ёсьць кроў, у нас ёсьць агрэсія.
Больш за 30 тысяч чалавек прайшлі праз пэнітэнцыярную сыстэму або знаходзяцца цяпер у зьняволеньні. Тое, што ўчора адбылося з Оляй Хіжынковай, калі ёй навесілі яшчэ 15 сутак за яшчэ адзін марш, і ў суме гэта атрымліваецца ўжо больш за месяц. Калі майму калегу, добраму прыяцелю і калісьці майму працадаўцу Аляксандру Васілевічу прадоўжаны тэрмін толькі за тое, што ён зайшоў у КДБ і занёс апэляцыю за Бабарыку.