Як паведаміў афіцыйны тэлеграм-канал Сьвятланы Ціханоўскай, заяву для завядзеньня крымінальнай справы па факце гвалту над Максімам Харошыным – прадпрымальнікам, якога затрымалі ў двары дома ў Менску, зьбілі, павезьлі ў РУУС і зьбілі яшчэ і там да стану, калі давялося выклікаць хуткую дапамогу.
Так ён трапіў у бальніцу, пасьля якой выехаў у Літву.
Па ягонай справе сабралі фота і відэа ягонага затрыманьня, на якіх зафіксаваныя асобы падазраваных сілавікоў, далучылі вынікі мэдэкспэртызы, якая выявіла цялесныя пашкоджаньні.
Адвакат Гедрус Данэлюс, які падаў заяву ў Генпракуратуру Літвы, тлумачыць, што літоўскі закон дазваляе праводзіць дасудовае расьсьледаваньне і сам суд, калі злачынства было зьдзейсьнена не ў Літве і падазраваны не знаходзіцца ў краіне. Абавязкова павінен прысутнічаць заяўнік, гэта значыць пацярпелы. І калі ў справе ёсьць прамыя доказы, суд па ўнівэрсальнай юрысдыкцыі мае права на вынясеньне прысуду.
Падазраваным па гэтай справе праходзіць Мікалай Карпянкоў, на той момант начальнік ГУБАЗіК, а цяпер – намесьнік міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.
Штаб Сьвятланы Ціханоўскай распрацоўвае падачу і іншых такіх заяў у розных краінах, куды выехалі сотні беларусаў, якія прайшлі праз катаваньні з боку сілавікоў. Каардынацыйны цэнтар праекту будзе ў Вільні.
Дарадца Ціханоўскай Аляксандар Дабравольскі заявіў, што канчатковая мэта — крымінальны перасьлед у Беларусі, а прамежкавая — абвяшчэньне злачынцаў у міжнародны вышук:
«Мы запусьцілі гэты праект у рамках Народнага Трыбуналу. Кожны, хто зьдзяйсьняе злачынствы і бʼе дубінкамі людзей, павінен панесьці адказнасьць і не зьдзіўляцца, калі яго імя зьявіцца ў сьпісах Інтэрполу».