Як паведамляе страйкам «Беларуськалію», увечары 24 листапада да іх далучылася Маргарыта Осіпава зь Бярозаўскага рудніка. Яна цалкам падтрымала патрабаваньні страйкаму.
Апрача яе, пачаў страйкаваць брыгадзір з 3-га рудаўпраўленьня Сяргей Журневіч.
Учора, 24 лістапада, у 01:30 Аляксандар Клязовіч, машыніст горных машын рудніка 4-га рудаўпраўленьня ААТ «Беларуськалій», адмовіўся падымацца «на гара» і заявіў аб далучэньні да страйку.
У 01:50 атрад ратавальнікаў спусьціўся ў шахту. Пазьней да будынка 4 рудаўпраўленьня прыбыло кіраўніцтва. Ратавальнікі вывезьлі Клязовіча з шахты ў 4:30. Пазьней машына хуткай дапамогі з Аляксандрам Клязовічам выехала за тэрыторыю 4РУ.
Страйкам апублікаваў заяву шахтара Клязовіча:
«Я, Клязовіч Аляксандар, машыніст горных выемачных машын рудніка 4 рудаўпраўленьня ААТ «Беларуськалій», заяўляю, што не гатовы мірыцца з прававой сваволяй, якая адбываецца ў нашай краіне.
Чарговае забойства на мінулым тыдні маладога хлопца, бессэнсоўныя па сваёй жорсткасьці затрыманьні грамадзян на мірных акцыях, прымяненьне сьвятлашумавых гранат і газу супраць пэнсіянэраў, пагрозы зброяй і арышты бацькоў на вачах маленькіх дзяцей – гэта ўсё паказвае нізасьць і подласьць людзей, якія захапілі ўладу ў нашай краіне.
Я адмаўляюся сваёй працай спансаваць прадстаўнікоў нелегітымнага рэжыму, які лічыць нас рабамі, якія абавязаны шчыраваць на іх за падачкі. Нас пазбавілі годнага жыцьця, права выбару. Я лічу, што страйк – адзіны законны і бяскроўны спосаб спыніць самаўпраўнасьць і гвалт, таму падтрымліваю патрабаваньні страйкаму і далучаюся да страйку».
Раней некалькі шахтароў «Беларуськалію» абвяшчалі страйк і адмаўляліся выходзіць з забою, усіх іх даставалі на паверхню брыгады ратавальнікаў.
Адміністрацыя прадпрыемства 20 лістапада звольніла 49 страйкоўцаў.
Паводле тэлеграм-каналу страйкоўцаў «Беларуськалію», у страйку ўдзельнічаюць каля 90 чалавек.
На «Беларуськаліі» працуюць больш за 16 тысяч чалавек.