Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэсьць краін далучыліся да другога пакету санкцый Эўразьвязу супраць беларускіх чыноўнікаў, сярод якіх Лукашэнка


Шэсьць краін – Альбанія, Ісьляндыя, Ліхтэнштэйн, Нарвэгія, Паўночная Македонія і Чарнагорыя – далучыліся да другога пакету санкцый Эўразьвязу супраць высокіх беларускіх чыноўнікаў, гаворыцца ў заяве офісу Вярхоўнага прадстаўніка ЭЗ па вонкавых справах і палітыцы бясьпекі Жузэпа Бурэля.

Альбанія, Паўночная Македонія і Чарнагорыя – кандыдаты на далучэньне да Эўразьвязу, а Ісьляндыя, Ліхтэнштэйн і Нарвэгія ўваходзяць у Эўрапейскую асацыяцыю свабоднага гандлю.

2 кастрычніка Эўразьвяз увёў санкцыі супраць 40 беларускіх чыноўнікаў — кіраўнікоў і старшых афіцэраў МУС, КДБ, чальцоў ЦВК, былога генэральнага пракурора. 6 лістапада сьпіс быў пашыраны, у яго дадалі яшчэ 15 чыноўнікаў. У сьпіс дадаліся:

  • Аляксандар Лукашэнка
  • Віктар Лукашэнка — памочнік прэзыдэнта па нацыянальнай бясьпецы
  • Ігар Сергеенка — кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта
  • Іван Тэртэль — старшыня КДБ
  • Раман Мельнік — начальнік Галоўнай управы аховы правапарадку і прафіляктыкі МУС
  • Іван Наскевіч — старшыня Сьледчага камітэту
  • Аляксей Волкаў — былы першы намесьнік старшыні Сьледчага камітэту, цяпер старшыня Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртызаў
  • Сяргей Аземша — намесьнік старшыні Сьледчага камітэту
  • Андрэй Смаль — намесьнік старшыні Сьледчага камітэту
  • Андрэй Паўлючэнка — кіраўнік Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце
  • Ігар Бузоўскі — намесьнік міністра інфармацыі
  • Натальля Эйсмант — прэс-сакратарка прэзыдэнта
  • Сяргей Зубкоў — камандзір групы «Альфа» (спэцназ)
  • Андрэй Раўкоў — былы дзяржаўны сакратар Рады бясьпекі
  • Пётра Міклашэвіч — старшыня Канстытуцыйнага суду

Прычынамі санкцыяў сталі рэпрэсіі і запалохваньне мірных дэманстрантаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, у прыватнасьці — адвольныя арышты і жорсткае абыходжаньне, у тым ліку катаваньне, а таксама запалохваньне журналістаў і гвалт над імі. Таксама — парушэньні правілаў прэзыдэнцкіх выбараў, невыкананьне асноўных міжнародных стандартаў справядлівасьці і празрыстасьці выбараў, фальсыфікацыя вынікаў выбараў, адхіленьне на ўяўных падставах ад выбарчай кампаніі апазыцыйных кандыдатаў, стварэньне абмежаваньняў для назіральнікаў на выбарчых участках, перадузятае фармаваньне выбарчых камісіяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG