Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей прыгразіў Эўразьвязу санкцыямі ў адказ. Па кім гэта ўдарыць?


Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей, сакавік 2020 году.
Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей, сакавік 2020 году.

Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей напярэдадні прыняцьця чарговага пакету санкцыяў супраць Беларусі прыгразіў Эўропе санкцыямі ў адказ. Каму яны нашкодзяць?

Уладзімер Макей прапанаваў наступныя крокі:

  • Пашырыць санкцыі супраць прадстаўнікоў кіраўніцтва Эўразьвязу і шэрагу эўрапейскіх дзяржаваў.
  • Прыпыніць працу каардынацыйнай групы «Беларусь – Эўразьвяз»
  • Перавесьці экспарт зь літоўскага порту ў расейскі
  • Перагледзець супрацу ў атамнай энэргетыцы, у мытнай галіне, у адукацыйных праграмах, у барацьбе зь нелегальнай іміграцыяй

Паглядзім, па кім гэта ўдарыць.

«Энэргію і так няма каму прадаваць»

Што будзе, калі прапанаваныя Макеем санкцыі закрануць супрацу ў сфэры атамнай энэргетыкі? Калі маецца на ўвазе продаж энэргіі зь Беларускай АЭС, то ў Эўразьвязе яе і так ніхто набываць не зьбіраўся. Пра гэта кажа старшы аналітык «Альпары Эўразія»​ Вадзім Іосуб.

Фінансавы аналітык афіцыйнага партнэра офісу "Альпары Эўразія" ў Менску Вадзім Іосуб.
Фінансавы аналітык афіцыйнага партнэра офісу "Альпары Эўразія" ў Менску Вадзім Іосуб.


«Пагроза дзіўная, бо АЭС першапачаткова задумвалася для экспарту энэргіі. Пасьля краіны Балтыі сказалі, што ня будуць набываць гэтую энэргію, Украіна – самадастатковая ў пляне энэргіі.

Уладам варта было б шукаць, куды гэтую энэргію прыстроіць, а не пужаць, што яе не паставяць», – кажа Вадзім Іосуб.

«Перавод экспарту – удар па самім сабе»

Пра перанос экспарту зь літоўскага порту ў расейскія ўлада кажа даўно. Яшчэ раней Свабода падлічвала, што гэта дорага і неэфэктыўна. Да таго ж гэта ўдарыць і па беларускіх кампаніях.

«Доля ў літоўскіх партах належыць у тым ліку і беларускім прадпрыемствам, таму гэта будзе ўдар і па ўласнай эканоміцы. Лягістыка ў Расею будзе даражэй, што адаб’ецца на прыбытковасьці беларускіх паставак. Можна абмяркоўваць пастаўку нафтапрадуктаў і яе прыбытковасьць, а каб пастаўляць калійныя ўгнаеньні праз расейскія парты – наагул там няма такой інфраструктуры», – кажа Вадзім Іосуб.

Такія пагрозы экспэрт называе «стрэлам сабе ў нагу».

«Непрыхаваны шантаж»

Уладзімер Макей прапануе ЭЗ узнавіць макрафінансавую падтрымку Беларусі ўзамен на дыялёг аб правах чалавека. Такую думку выказвае Андрэй Елісееў, экспэрт аналітычных цэнтраў EAST і iSANS.

Беларусь Андрэй Елісееў дырэктар па дасьледаваньнях EAST Research Center.
Беларусь Андрэй Елісееў дырэктар па дасьледаваньнях EAST Research Center.


«Як быццам абарона правоў чалавека і законнасьць – гэта не абавязак Беларусі паводле свайго ж і міжнароднага заканадаўства і ня нешта добрае для сваіх грамадзянаў, а непатрэбшчына з боку ЭЗ, за якую Брусэлю ж і трэба плаціць», – кажа Андрэй Елісееў.

І называе такую пазыцыю «непрыхаваным шантажом».

«Візы зноў могуць стаць па 80 эўра»

Адна з пагрозаў міністра замежных справаў Беларусі – замарожваньне супрацы ў міграцыйнай сфэры, але толькі ўлетку дамова аб рэадмісіі ўступіла ў сілу, што дазволіла зьменшыць кошт шэнгенскіх візаў для беларусаў.

«Калі Беларусь замарозіць пагадненьне аб рэадмісіі, то і доўгачаканая візавая дамова абнуліцца, і кошт шэнгенскіх візаў вернецца да 80 эўра», – мяркуе Андрэй Елісееў.

Такім чынам, абяцаныя Макеем санкцыі ўдараць хутчэй па беларускай эканоміцы і саміх беларусах, чым ускладняць жыцьцё Эўрапейскаму Зьвязу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG