Праваабарончыя арганізацыі Беларусі ў супольнай заяве прызналі, што 12 лістапада ўлады нанесьлі ўдар па адной з найстарэйшых моладзевых арганізацый краіны: рэпрэсіўныя органы затрымалі лідэраў і актывістаў Задзіночаньня беларускіх студэнтаў (ЗБС).
У кватэрах сяброў студэнцкага аб’яднаньня і ў офісе арганізацыі прайшлі ператрусы.
Некалькіх сяброў арганізацыі, яе прыхільнікаў і моладзевых актывістаў затрымалі як падазраваных паводле арт. 342 КК (арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Вядома, што частку з іх пазьней перавялі ў СІЗА-1 Менску.
23 лістапада стала вядома, што Глебу Фіцнеру, Ільлю Трахтэнбэргу, Марыі Каленік, Вікторыі Гранкоўскай, Анастасіі Булыбенцы, а таксама затрыманай выкладчыцы БДУІР Вользе Філатчанкавай выставілі абвінавачаньні і мерай стрыманьня абралі арышт.
Прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасьці адзначаюць, што іх перасьлед уладамі Беларусі зьвязаны выключна зь мірным ажыцьцяўленьнем свабодаў, гарантаваных Канстытуцыяй і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека — свабоды выказваць думку і свабоды мірных сходаў.
Праваабаронцы лічаць пазбаўленьне волі абвінавачаных адвольным і палітычна матываваным, а саміх Глеба Фіцнера, Ільлю Трахтэнбэрга, Марыю Каленік, Вікторыю Гранкоўскую, Анастасію Булыбенку і Вольгу Філатчанкаву палітычнымі зьняволенымі.
Прадстаўнікі праваабарончых арганізацыяў Беларусі патрабуюць неадкладнага і безумоўнага вызваленьня з-пад варты гэтых людзей і спыненьня іх крымінальнага перасьледу, як і неадкладнага вызваленьня ўсіх палітвязьняў і спыненьня палітычных рэпрэсіяў у краіне.
Усяго беларускія праваабаронцы цяпер прызнаюць палітвязьнямі 132 чалавекі.
Заяву падпісалі:
- Праваабарончы цэнтар «Вясна»;
- РГА «Прававая ініцыятыва»;
- Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар;
- Беларускі Хэльсінскі камітэт;
- Кансультацыйны цэнтар актуальных міжнародных практык і іх імплемэнтацыі ў праве «Х’юман Канстанта».