Фэдэральны судзьдзя адхіліў пазоў выбарчага штабу прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. Пазоў меў на мэце прызнаць нессапраўднымі некалькі мільёнаў выбарчых бюлетэняў, дасланых па пошце ў Пэнсыльваніі.
Пастанова ад 21 лістапада стала ўдарам па спробе Трампа зьмяніць вынікі выбараў прэзыдэнта ЗША шляхам больш чым двух дзясяткаў судовых пазоваў і іншых манэўраў.
Пэнсыльванія была адным зь некалькіх ключавых штатаў, у якіх канкурэнт Трампа Джо Байдэн перамог на выбарах 3 лістапада.
Адвакаты Трампа падалі ў суд, заявіўшы, што прадстаўнікі Пэнсыльваніі неналежным чынам падлічылі бюлетэні, атрыманыя па пошце, і што рэспубліканскім назіральнікам забаранілі доступ да падліку бюлетэняў.
Амэрыканскі акруговы судзьдзя Мэт’ю Бран, які адхіліў пазоў, напісаў у сваім рашэньні, што выбарчы штаб Трампа прадставіў «беспадстаўныя юрыдычныя аргумэнты і спэкулятыўныя абвінавачаньні… не падмацаваныя доказамі».
Судовая пастанова азначае, што чыноўнікі Пэнсыльваніі цяпер могуць пацьвердзіць вынікі выбараў — гэты крок мусіць быць зроблены ўсімі штатамі да паседжаньня калегіі электараў 14 сьнежня і афіцыйнага абвяшчэньня пераможцы на выбарах.
Юрысты Трампа падалі больш за два дзясяткі пазоваў у розных штатах, аспрэчваючы падлік галасоў; амаль усе яны былі адхіленыя.