Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп звольніў кіраўніка агенцтва, якое адказвала за бясьпеку выбараў прэзыдэнта ЗША


Дональд Трамп паціскае руку Крысу Крэбсу, кіраўніку Агенцтва кампутарнай і інфраструктурнай бясьпекі, лістапад 1918
Дональд Трамп паціскае руку Крысу Крэбсу, кіраўніку Агенцтва кампутарнай і інфраструктурнай бясьпекі, лістапад 1918

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп звольніў Крыса Крэбса, кіраўніка Агенцтва кампутарнай і інфраструктурнай бясьпекі (CISA), паведамляе Голас Амэрыкі. Гэтае ведамства, у прыватнасьці, адказвала за бясьпеку праведзеных 3 лістапада прэзыдэнцкіх выбараў.

Раней Крэбс не пацьвердзіў сьцьвярджэньняў Трампа аб масавых фальсыфікацыях з боку Дэмакратычнай партыі.

Трамп паведаміў пра гэтае кадравае рашэньне ў сваім Твітэры.

«Нядаўняя заява Крыса Крэбса пра бясьпеку выбараў 2020 году была вельмі недакладнай, паколькі мелі месца масавыя парушэньні і махлярства, уключна з галасаваньнем „мёртвых душ“. Назіральнікаў за выбарамі не дапускалі на выбарчыя ўчасткі, былі „глюкі“ ў машынах для галасаваньня, якія мянялі галасы з Трампа на Байдэна, позьняе галасаваньне і многае іншае. Таму зь сёньняшняга дня Крыс Крэбс быў звольнены з пасады дырэктара Агенцтва кампутарнай і інфраструктурнай бясьпекі», — гаворыцца ў твіце прэзыдэнта.

Адначасова Трамп адзначыў, што выбары 2020 году былі «практычна непранікальныя для замежных дзяржаў», што зьяўляецца заслугай яго адміністрацыі.

Twitter далучыў да твіту Трампа аб звальненьні Крэбса камэнтар «Гэтае сьцьвярджэньне пра фальсыфікацыю выбараў зьяўляецца спрэчным».

На мінулым тыдні агенцтва Reuters напісала, што кіраўнік Агенцтва кампутарнай і інфраструктурнай бяспекі паведаміў сваім калегам аб верагодным звальненьні, паколькі яго спробы аспрэчыць сьцьвярджэньні Трампа аб масавых фальсыфікацыях з боку Дэмакратычнай партыі выклікалі гнеў дзейнага прэзыдэнта.

Reuters падкрэсьлівае, што адразу пасьля паведамленьня аб звальненьні Кребса ў яго падтрымку выказалася мноства экспэртаў у галіне бясьпекі, якія сьцьвярджалі, што былы кіраўнік CISA, які кіраваў агенцтвам на працягу апошніх двух гадоў, ніколі не займаў ангажаваную пазыцыю на карысьць якой-небудзь партыі.

Тым часам у штаце Джорджыя працягваецца пералік галасоў. Паводле прадстаўніка выбарчай камісіі штату, якога цытуе CNN, працэдура павінна скончыцца 18 лістапада — засталося палічыць каля 300 тысяч бюлетэняў з амаль 5 млн.

На дадзены момант Трамп пасьля падліку 99% галасоў у штаце саступае Байдэну з 49,2% супраць 49,5%.

Паведамляецца таксама, што перадвыбарчы штаб Трампа абдумвае запыт аб пераліку галасоў у Вісконсыне. Паводле зьвестак Associated Press, усе 72 акругі штату Вісконсын ужо завяршылі працэс падліку галасоў. Згодна з вынікамі, Байдэн лідзіруе прыблізна на 0,7%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG