Беларус каля 7 гадзін прастаяў на каленях у кайданках каля амбасады Беларусі ў Кіеве на знак салідарнасьці з рэпрэсаванымі
Антон Лукашук, які некалькі дзён таму зьехаў зь Беларусі, 21 лістапада больш як 7 гадзін прастаяў на каленях у кайданках перад беларускай амбасадай у Кіеве на знак салідарнасьці з рэпрэсаванымі суайчыньнікамі.
Антон паведаміў Свабодзе, што сваёй акцыяй хацеў прыцягнуць увагу прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага да беззаконьня, якое пануе ў Беларусі, і папрасіць яго спрасьціць парадак знаходжаньня беларускіх грамадзян ва Ўкраіне. Цяпер беларусы могуць знаходзіцца на тэрыторыі Ўкраіны 90 дзён цягам паўгода без рэгістрацыі з магчымым падаўжэньнем знаходжаньня, калі для гэтага будуць падставы.
Антон кажа, што ў Беларусі ён займаўся кампутарнай графікай і вымушаны быў зьехаць пад пагрозай магчымага крымінальнага перасьледу, бо былі абнародаваныя ягоныя пэрсанальныя дадзеныя — ён супрацоўнічаў з адным з забароненых у Беларусі тэлеграм-каналаў, заснавальнікаў якога ўключылі ў сьпіс тэрарыстаў. Цяпер ён зьвярнуўся ў консульства Польшчы ва Ўкраіне па атрыманьне гуманітарнай візы.
Антон хацеў у тэлефоннай размове з Уладзімірам Зяленскім расказаць пра парушэньні правоў чалавека ў Беларусі. Але такая размова не адбылася.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі знаходзіцца ў шпіталі «Фэафанія» у Кіеве — 9 лістапада ў яго дыягнаставалі каранавірус. Усе свае працоўныя сустрэчы ён праводзіць празь відэасувязь.