Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, якому 9 лістапада паставілі дыягназ «каранавірус», знаходзіцца ў шпіталі «Фэафанія» ў Кіеве на тых жа ўмовах, што і іншыя пацыенты, сказаў галоўны лекар «Фэафаніі» Ігар Сямёнаў у камэнтары Інтэрфаксу-Ўкраіна.
«Фэафанія» – аналяг беларускай лечкамісіі. «Сума ўтрыманьня прэзыдэнта такая ж, як і для кожнага пацыента, які шпіталізаваны з каранавіруснай інфэкцыяй. Гэта ў сярэднім 7,8 тыс. грн на дзень (каля $270). Асобнага бюджэту для прэзыдэнта няма», сказаў доктар.
Адзінае адрозьненьне, якое зрабілі для Ўладзіміра Зяленскага — у тым, што ў яго ёсьць абсталяваньне для сувязі і лініі спэцсувязі для працы ў інтэрнэце, дадаў галоўны ўрач. Ён адзначыў, што Зяленскі пачуваецца добра, ускладненьняў няма.
- Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і кіраўнік канцылярыі прэзыдэнта Андрэй Ярмак, у якіх пацьверджаны каранавірус, былі разьмешчаныя ў ізаляваных палатах шпіталя «Фэафанія».
- У сакавіку Зяленскі даручыў ураду адмяніць усе нарматыўныя акты, якія патрабуюць «асаблівага падыходу» да абыходжаньня з вышэйшымі службовымі асобамі краіны. Ён запэўніў, што ў бальніцах ня будзе шыкоўных палатаў для «членаў ЦК».