Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар эканомікі Беларусі заявіў пра рост ВУП. Белстат сьцьвярджае адваротнае


Аляксандар Чарвякоў, міністар эканомікі Беларусі.
Аляксандар Чарвякоў, міністар эканомікі Беларусі.

Міністэрства эканомікі Беларусі ў апошнія месяцы адзначае ўстойлівую тэндэнцыю прыросту эканомікі, паведаміў міністар Аляксандр Чарвякоў у ходзе рабочай паездкі ў Сьвіслацкі раён 20 лістапада.

«Зь ліпеня сфармавалася ўстойлівая тэндэнцыя, калі эканоміка прырастае штомесяц. Прычым аднаўленьне адбываецца не за кошт працы на склад, а ў выніку рэальных продажаў, у тым ліку, на экспарт», – прыводзіць словы Чарвякова прэс-служба міністэрства.

Паводле яго слоў, з чэрвеня складскія запасы ў прамысловасьці скараціліся амаль на 600 млн рублёў. За кастрычнік зьнізілася суадносіны запасаў да сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасьці на 0,2 працэнтных пункта, хоць звычайна восеньню яно павялічваецца. Фактычна з улікам уплыву цэн у гэтым годзе на складах знаходзіцца менш тавараў, чым у мінулым. Паменшылася і «зьнешняя дэбіторыка»: за верасень на 36 млн долараў, а пратэрмінаваная – на 65. Гэта сьведчыць пра рост продажаў беларускай прадукцыі за «жывыя» грошы, лічыць міністар.

А што дае афіцыйная статыстыка

Як паведамляў БелаПАН, па дадзеных Белстату, за год запасы гатовай прадукцыі ў прамысловасьці вырасьлі больш чым на 5%.

Так, суадносіны запасаў гатовай прадукцыі да сярэднямесячнага абʼёму вытворчасьці ў верасьні 2020 году склала 68,5% супраць 63,1% у верасьні 2019-га. Такім чынам, за год рост склаў 5,4 адсоткавага пункта.

Па выніках студзеня-кастрычніка ВУП Беларусі скараціўся на 1,1% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году.

Афіцыйны прагноз на гэты год прадугледжваў рост ВУП на 2,8%. Аднак улетку, улічваючы нэгатыўны ўплыў пандэміі на эканоміку, урад паставіў новую мэта – не дапусьціць зьніжэньня ВУП у параўнаньні з мінулым годам.

У сваю чаргу заходнія крэдыторы Беларусі прагназуюць, што па выніках года захаваецца рэцэсія. Паводле адзнак Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця, Сусьветнага банку і МВФ, ВУП Беларусі ў 2020 годзе скароціцца на 3-4%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG