Колькі зарабілі з пачатку году беларускія заводы?
БелАЗ
Са студзеня па верасень прамысловы гігант БелАЗ, паводле справаздачы на https://portal.gov.by/, зарабіў 15,9 мільёна рублёў. Гэта ў 13 разоў меней, чым за такі ж пэрыяд у мінулым годзе. У заводу 337 мільёнаў доўгатэрміновых крэдытаў і пазык. А летась было толькі 34 мільёны. За год доўг вырас у 10 разоў.
МТЗ
15,5 мільёна рублёў са студзеня па верасень зарабіў МТЗ, або ўтрая меней, чым за такі ж пэрыяд летась. У заводу 530 мільёнаў крэдытаў і пазык, за год даўгі вырасьлі на 67 мільёнаў.
БМЗ
34 тысячы рублёў са студзеня па верасень зарабіў Беларускі мэталюргічны завод. Летась прыбытак за такі самы пэрыяд быў яшчэ меншы – 17 тысяч рублёў. Завод вінен 1,1 мільярда рублёў па доўгатэрміновых крэдытах і пазыках. За год гэты паказчык вырас на 73 мільёны.
Гомсельмаш
Са студзеня па сакавік вытворца камбайнаў спрацаваў са стратамі на 260 мільёнаў рублёў. Летась у такі ж пэрыяд страты былі на 13 мільёнаў. У гэтага прамысловага гіганта 1,2 мільярда крэдытаў і пазык. За год гэтая сума вырасла на 274 мільёны.
Менскі электратэхнічны завод імя Казлова
Са студзеня па верасень чысты прыбытак Менскага электратэхнічнага заводу імя Казлова — 4,1 мільёна. Завод вінен па крэдытах і пазыках 4,2 мільёна. За год зьменшыў доўг на 2,5 мільёна.
Менскі інструмэнтальны завод
Са студзеня па верасень Менскі інструмэнтальны завод зарабіў 141 тысячу рублёў. У заводу 476 тысяч доўгатэрміновых пазык і крэдытаў. За год даўгі вырасьлі на 97 тысяч.
Што адбываецца з экспартам прадукцыі?
Экспарт машын, абсталяваньня і транспартных сродкаў зь Беларусі за студзень-верасень у параўнаньні з такім жа мінулагоднім пэрыядам упаў на 14%, экспарт мінэральных прадуктаў — на 38%.
Экспарт чорных, каляровых мэталаў і вырабаў зь іх зьнізіўся на 13,7%, экспарт хімічнай прамысловасьці — на 6%, экспарт тэкстылю і вырабаў зь яго ўпаў амаль на 20%.