Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты, якія дапамагаюць жыць. Прапануюць Алесь Аркуш і Ўладзіслаў Гарбацкі


Магілёў, 20 верасьня 2020 г.
Магілёў, 20 верасьня 2020 г.

Новая рубрыка Свабоды: «Цытаты, якія дапамагаюць жыць». Дасылайце нам свае ўлюбёныя цытаты, якія судакранаюцца зь цяперашнім часам беларусаў і Беларусі і з надзённымі для беларускай рэчаіснасьці пытаньнямі: Як годна жыць? Што рабіць і думаць? Як супрацьстаяць барбарству, гвалту і хлусьні?

Алесь Аркуш:

Найлепш цытаты запамінаюцца, калі прамаўляюць іх аўтары. Асабліва калі ня проста прамаўляюць, а па-майстэрску, артыстычна дэклямуюць. У сваім жыцьці я ня чуў нейкага іншага паэта, які б так моцна дэклямаваў свае вершы, як Анатоль Сыс. Дастаткова мне яго згадаць, як адразу чую ягоны голас, ягоную нэрвовую інтанацыю, ягоную энэргетыку слова. У Сыса быў шэраг вершаў, — так бы мовіць, абавязковая праграма, — якія ён найчасьцей чытаў са сцэны. Сярод іх «Маналёг Апанаса Філіповіча». Цытата з гэтага верша найбольш мне прыгадваецца.

У гэтай краіне ня маю я дому,
вось воблака — сяду і ў сьвет палячу
над гэтай гаморай, над гэтым садомам,
ні грошай, ні славы — я волі хачу…

Інакш чытаў свае вершы Юра Гумянюк. Без нэрвовага надрыву, але таксама тэатральна, праўда, зусім зь іншага тэатру. Яго іранічныя чытаньні, з гуменюкоўскай усьмешкай на ўвесь твар і сьмешкамі ад сваіх радкоў, таксама немагчыма забыць. Прычым па пратэстнасьці і хуліганству, Гумянюк, канешне, абстаўляў Сыса. Не хачу сказаць па таленту і геніяльнасьці. Не. Канешне, не. Тут іншае. Гумянюк абсалютна не арыентаваўся на нейкія каноны, традыцыю (не называў сябе сынам Купалы), яго зусім не цікавілі думкі старэйшых калег і рэдактараў. Гумянюк быў максымальна вольны ў сваіх творчых памкненьнях і паэтычных экзэрсісах. Найбольш «забойны» яго палітычны верш, як любіў казаць Юра — цьвік, меў назву «Спэрма прэзыдэнта». Я шмат разоў чуў, як Юра яго «са смакам» дэклямаваў. Згадваю і чую зараз.

Вось кульмінацыя — куляесься ў нірване!
Гарачым гейзэрам з далёкае Камчаткі
сьцякае спэрма прэзыдэнта па экране,

дэбілы-люмпэны ад шчасьця б’юць у ладкі.

Уладзіслаў Гарбацкі:

У звычайны час, але асабліва цяпер у самы вір гвалту, мяне натхняюць і трымаюць у форме вершы Ларысы Геніюш. Іх шмат, у якіх паэтка дарыць надзею і моцны струмень аптымізму:

Калі кране нас злосны лёс суровай лапай
і дыктаваць нам схоча хтось законы малпаў,
сьвятлом біць трэба ў хмару цьмы, стрымоўваць ката,
трэ памятаць, што людзі мы, наш век — дваццаты!

(…)

Трэ выйсьці з малпай твар у твар, браць зло за рогі
і біць ударам на удар — да перамогі!

Ці наступныя радкі:

Нялёгкі шлях, ды я зь яго ня збочу,
і халадку да сэрца не дастаць.
Прайду адна бязбоязна і ноччу,
я дачакаюся — пачне сьвітаць!

Ці вось гэтыя:

Недруг шляхі нам да сонца закрыў,
пахне вокал заплесьнелай гнільлю.
Сільны не той, хто Бастыльлю стварыў,
сільны той, хто разбурыць Бастыльлю!

Урывак зь верша «Кусочак неба»:

Навісла цяжасьць чорных хмар
Шалее бура, сіл мне трэба…
Уздымаю з болем угору твар,
Там у цьме бліснуў кусочак неба.

Акрамя Ларысы Геніюш і паэзіі наагул, якая мацней усяго дапамагае не звар’яцець, часта вяртаюся да ўлюбёнай пісьменьніцы і філёзафкі Сымоны дэ Бавуар. У эсэ «За мараль двухсэнсоўнасьці» (1947) яна шмат піша пра шлях да свабоды:

«Было б абсурдна супярэчыць вызваленчай дзеі пад прэтэкстам, што яна прадугледжвае злачынства і тыранію: бо без злачынства і тыраніі ня можа быць вызваленьня чалавека: нельга пазьбегнуць гэтай дыялектыкі, якая ідзе ад свабоды да свабоды праз дыктатуру і ўціск».

Цытаты дасылайце Яну Максімюку на ягоную электронную пошту maksymiukj@rferl.org альбо праз Messenger на ягонай старонцы ў Фэйсбуку: https://www.facebook.com/jan.maksymiuk.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG