Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Недастатковая ляяльнасьць. Карбалевіч пра галоўную прычыну кадравых ператрусаў

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка. Ілюстрацыйнае фота.
Аляксандар Лукашэнка. Ілюстрацыйнае фота.

Юрыя Сянько вызвалілі ад абавязкаў старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэту. Хоць Мытны камітэт і не зусім можна назваць сілавой структурай, тым ня менш з пачатку беларускай рэвалюцыі Лукашэнка вызваліў ад сваіх пасадаў сакратара Савету бясьпекі (двойчы), старшыню КДБ, старшыню Камітэту дзяржаўнага кантролю, генэральнага пракурора, міністра ўнутраных спраў.

Сьцісла

  • Лукашэнка цяпер моцна залежыць ад ляяльнасьці вышэйшай намэнклятуры.
  • Усё чынавенства павінна бачыць, што Лукашэнка ня кідае высокіх начальнікаў.
  • Ляяльнасьць былога генэральнага пракурора Аляксандра Канюка і экс-сакратара Савету бясьпекі Андрэя Раўкова выклікае ў Лукашэнкі сумненьні. І іх нядаўняе вызваленьне з адказных пасадаў было зусім не выпадковым.

Зьвяртае на сябе ўвагу той факт, што часта бывае так: спачатку зьяўляецца паведамленьне аб прызначэньні чыноўніка на новую пасаду, і толькі потым — аб вызваленьні яго ад папярэдняй адказнай пасады.

Так было з ранейшым сакратаром Савету бясьпекі Валерыем Вакульчыкам, міністрам унутраных спраў Юрыем Караевым і яго намесьнікам Аляксандрам Барсуковым. І вось цяпер тую ж апэрацыю зрабілі зь Юрыем Сянько. Чаму так? Лукашэнка цяпер моцна залежыць ад ляяльнасьці вышэйшай намэнклятуры. Таму інфармацыя пра адстаўку маскіруецца інфармацыяй пра новае прызначэньне. Каб саломкі падаслаць.

Гэтым жа можна патлумачыць, што адказныя ў мінулым чыноўнікі — былы генэральны пракурор Аляксандар Канюк і былы сакратар Савету бясьпекі Андрэй Раўкоў — прызначаныя адпаведна пасламі Беларусі ў Армэніі і Азэрбайджане. Усё чынавенства павінна бачыць, што Лукашэнка ня кідае высокіх начальнікаў. Для Канюка і Раўкова гэтыя прызначэньні — ганаровая адстаўка.

Яшчэ важны момант. Сянько прызначаны амбасадарам у Кітаі. Гэта вельмі адказная пасада. Больш дарэчы было б прызначыць туды чыноўніка трохі вышэйшага рангу. Напрыклад, у беларускай герархіі генэральны пракурор (Аляксандар Канюк) ці сакратар Савету бясьпекі (Андрэй Раўкоў) — больш высокі ранг, чым старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту. Тым ня менш Сянько прызначаны амбасадарам у Кітай, а Канюк і Раўкоў — адпаведна пасламі ў Армэнію і Азэрбайджан. То бок у краіны значна менш важныя.

Што гэта азначае? Што ляяльнасьць Аляксандра Канюка і Андрэя Раўкова выклікае ў Лукашэнкі сумненьні. І іх вызваленьне зусім нядаўна з адказных пасадаў было зусім не выпадковым.

То бок галоўная прычына ўсіх ператрусаў у вышэйшых эшалёнах улады — недастатковая ляяльнасьць. Усе астатнія чыньнікі адыходзяць на другі плян.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG