Лукашэнка прызначыў палкоўніка міліцыі Мікалая Карпянкова намесьнікам міністра ўнутраных спраў — камандзірам унутраных войскаў.
Раней Карпянкоў узначальваў Галоўнае ўпраўленьне барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй.
ГУБАЗіК актыўна ўдзельнічаў у жорсткіх разгонах мірных акцый пратэсту. Палкоўнік Карпянкоў асабіста браў удзел у вулічных «апэрацыях», разьбіў шкляныя дзьверы кавярні, дзе хаваліся пратэстоўцы.
Ранейшага камандзіра ўнутраных войскаў Юрыя Назаранку Лукашэнка павысіў да першага намесьніка міністра.
Да сёньня першым намесьнікам міністра быў Генадзь Казакевіч — начальнік крымінальнай міліцыі.
Юры Назаранка скончыў беларускую вайсковую вучэльню, пасьля быў разьмеркаваны ў 1-ю роту спэцыяльнага прызначэньня ў той самай вайсковай частцы 3214, дзе служыў у 1997–2007 гадах. Па заканчэньні навучаньня ў Вайсковай акадэміі быў першым намесьнікам камандзіра вайсковай часткі 5526 у Берасьці. Пазьней, у 2010–2014 гадах, працаваў у Службе бясьпекі прэзыдэнта, потым служыў камандзірам у Спэцыяльным атрадзе хуткага рэагаваньня. Ад 2018 году кіраваў штабам Службы бясьпекі прэзыдэнта. З 2019-га камандаваў унутранымі войскамі.
Лукашэнка сказаў, што правёў ратацыю сілавікоў, бо цяпер для міліцыі галоўны кірунак — грамадзкая бясьпека.
«Сутнасьць цяперашніх прызначэньняў і перастановак у тым, што мы надаём большае значэньне ў МУС сыстэме грамадзкай бясьпекі. Вы, пэўна, гэта заўважылі. Тут ніхто не павінен быць у крыўдзе з ранейшых намесьнікаў, асабліва першага: няма таго, што мы не давяраем камусьці. Проста, зыходзячы з нашага досьведу, сытуацыі ў краіне, апошніх падзей, мы пераконваемся і разумеем, што і ў будучыні грамадзкая бясьпека будзе найважнейшым кірункам работы для нашай міліцыі. Вось і ўсе сакрэты. Каб тут не капаліся і ня думалі, што мы нейкі пераварот робім», — сказаў Лукашэнка.
Гэта ўжо трэцяя перастаноўка сілавікоў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
Тры тыдні таму Лукашэнка прызначыў міністрам унутраных спраў Івана Кубракова (замест Юрыя Караева). А начальнікам менскай міліцыі — Міхаіла Грыба (замест Кубракова).
На пачатку восені, 3 верасьня, Лукашэнка памяняў кіраўнікоў КДБ, Савету бясьпекі, КДК і Менгарвыканкаму.