Чаму Юрыя Караева зьнялі з пасады кіраўніка МУС? У чым палягаюць функцыі памочнікаў прэзыдэнта ў абласьцях? Чаму Іван Кубракоў заняў пасаду міністра, пераскочыўшы празь некалькі службовых прыступак? Якой палітыкі можна ад яго чакаць? Пра што сьведчаць наагул шматлікія перастаноўкі ў сілавых структурах, якія адбываюцца пасьля выбараў?
Гэтыя тэмы палітычны аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст абмяркоўвае зь Сяргеем Сацуком, рэдактарам выданьня «Ежедневник», экспэртам у пытаньнях дзейнасьці сілавых структураў.
Сацук
- Адстаўка Караева прадказальная. Яго для выбараў і прызначалі. Ён адпрацаваў, як і чакалася — жорстка.
- Цяпер яго прызначылі ў Горадню, каб ён там навёў парадак.
- Лукашэнка кажа, што бурліць толькі Менск. Прызначэньне Караева ў Горадню абвяргае гэтыя словы.
- Раней памочнікамі прызначалі толькі цывільных, звычайна гаспадарнікаў. Цяпер прызначаюць сілавікоў. «Гродна Азот» — сёньня лідэр страйку.
- Іх задача была — апэратыўна ўзгадняць інвэстпраекты, якія прапаноўваюцца ў рэгіёны, з Лукашэнкам.
- Да апошняга часу функцыі памочнікаў прэзыдэнта былі збольшага эфэмэрныя.
- Цяпер да памочніка больш падыходзіць зладзейскі тэрмін «смотрящий».
- Я падзяляю думку Чалага, што ня варта спадзявацца на страйк на дзяржпрадпрыемствах. Страйкі будуць на прыватных прадпрыемствах.
- Прызначэньне Кубракова — дэманстрацыя Лукашэнкам, што ён дае шанец маладым.
- Рыторыка Карпянкова была заяўкай на тое, што менавіта яго прызначаць замест Караева.
- Зараз, мяркую, будзе шмат прызначэньняў у сілавых структурах 40–45-гадовых.
- Адказнасьць за тое, што адбывалася ў Менску, і на Кубракову. Але ў яго рэпутацыя ўсё ж менш адыёзная, чым у Караева.
- Калі прызначалі Караева, я тады сказаў, што калі будуць моцныя пратэсты, яго праз пару месяцаў здымуць.
- Калі пратэсты будуць працягвацца, праз пару месяцаў здымуць і Кубракова.
- Я думаю, што Кубракоў будзе сябе паводзіць мякчэй, чым Караеў, бо Лукашэнка лічыць, што пратэсты ідуць на спад.
- Але калі пратэсты будуць нарастаць, і Кубракоў будзе жорсткім.
- Перавод Вакульчыка з Рады бясьпекі ў памочнікі — гэта не паніжэньне, гэта генэрала паслалі са штабу на фронт.
- Я згодны з ацэнкай Валера Карбалевіча — сытуацыя падобная да плаціны, якая цячэ ў некалькіх месцах. І Лукашэнка перакідае кадры людзей з затыканьня адной дзіркі на затыканьне другой.