Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская заклікала эўрапейскіх лідэраў падтрымаць эканамічныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі


Сьвятлана Ціханоўская і Ан Ліндэ
Сьвятлана Ціханоўская і Ан Ліндэ

Сьвятлана Ціханоўская знаходзіцца зь візытам у Стакгольме, дзе ў аўторак сустрэлася з кіраўніком МЗС Швэцыі Ан Ліндэ, лідэрам апазыцыі Ульфам Крыстэнсанам, прадстаўнікамі швэдзкіх НДА і беларускай дыяспарай.

Падчас сустрэчы зь міністрам замежных спраў Швэцыі Ан Ліндэ Сьвятлана Ціханоўская заклікала Швэцыю падтрымаць індывідуальныя і эканамічныя санкцыі супраць людзей, якія ажыцьцяўляюць фальсыфікацыі і рэпрэсіі; кампаній, зьвязаных з Лукашэнкам, і дзяржаўных прадпрыемстваў, якія звальняюць работнікаў за страйкі.

«Толькі эканамічны ціск прымусіць гэты рэжым сысьці, таму што ў іх ня будзе грошай, каб заплаціць за АМАП і іх злачынствы», — сказала Сьвятлана Ціханоўская ў інтэрвію агенцтву Reuters у Стакгольме.

У інтэрвію швэдзкім СМІ Святлана Ціханоўская зьвярнулася да прыватных эўрапейскіх кампаніяў і заклікала перагледзець кантракты ь беларускімі партнэрамі і падтрымаць тых, хто змагаецца за свабоду. Таксама яна заклікала эўрапейскія банкі адмовіцца ад супрацоўніцтва зь «Беларусбанкам» і «Белаграпрамбанкам».

У сувязі з тым, што з 1 верасьня Швэцыя становіцца старшынёй АБСЭ, на сустрэчы зь міністрам замежных справаў Ан Ліндэ абмяркоўвалася магчымасьць выкананьня рэкамэндацый дакладу паводле Маскоўскага мэханізму, правядзеньня міжнароднага расьсьледаваньня злачынстваў і ўдзел Міжнароднага крымінальнага суду ў разглядзе злачынстваў супраць чалавечнасьці ў Беларусі. Сьвятлана Ціханоўская заклікала Швэцыю быць больш актыўнай у АБСЭ, каб стварыць неабходную пляцоўку для перамоваў паміж прадстаўнікамі рэжыму і дэмакратычнай супольнасьцю.

18 лістапада заплянаваныя сустрэчы Святланы Ціханоўскай з прэм’ер-міністрам Швэцыі Стэфанам Лёвенам і генэральным дырэктарам Швэдзкага агенцтва супрацоўніцтва ў галіне разьвіцьця (SIDA) Карын Ямтын.

Чакаецца, што ўжо ў чацьвер Эўразьвяз разгледзіць пытаньне значнага пашырэньня санкцыйнага сьпісу і аказаньня фінансавай падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасьці. Мова ідзе аб выдзяленьні 24 мільёнаў эўра дапамогі беларускай грамадзтву і 3,5 мільёна эўра для незалежных СМІ і ахвяр рэпрэсій.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG