Жорсткасьць праваахоўнікаў на мітынгах у Беларусі, не справакаваная дзеяньнямі пратэстоўцаў, недапушчальная, але факты правакацый нельга выключаць. Пра гэта, паводле ТАСС, заявіў журналістам у аўторак прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў.
«Безумоўна, жорсткасьць, якая не справакаваная якімі-небудзь дзеяньнямі з боку пратэстоўцаў, вядома, непажаданая і недапушчальная. Але нельга абстрагавацца і ад фактаў правакацыяў у дачыненьні да праваахоўнікаў, такія таксама маюць месца», — сказаў ён.
Пяскоў дадаў, што Масква вельмі ўважліва сочыць за тым, што адбываецца ў Беларусі. «Гэта саюзная нам дзяржава і братэрскі народ. Мы хацелі б бачыць Беларусь спакойнай, стабільнай і квітнеючай, і мы спадзяемся, што так яно і будзе», — дадаў прадстаўнік Крамля.
Ён растлумачыў, што, паводле перакананьня РФ, Беларусь павінна быць «свабоднай ад якога-небудзь уплыву звонку».
Прэзыдэнцкія выбары прайшлі ў Беларусі 9 жніўня. Па дадзеных ЦВК, на іх са значным перавагай перамог Лукашэнка. Другое месца заняла Святлана Ціханоўская, якая не прызнала гэтыя вынікі. Адразу пасьля падвядзеньня вынікаў галасаваньня ў краіне пачаліся масавыя акцыі пратэсту, якія ў першыя дні выліліся ў сутыкненьні з супрацоўнікамі органаў правапарадку і працягваюцца да сёньняшняга дня.