Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) стала першым ляўрэатам канадзка-брытанскай прэміі ў галіне свабоды СМІ.
Пра заснаваньне прэміі і яе першага ляўрэата 16 лістапада абвясьцілі міністар замежных спраў Вялікай Брытаніі Домінік Рааб і яго канадзкі калега Франсуа-Філіп Шампань падчас Глябальнай канфэрэнцыі ў галіне свабоды СМІ, якая праходзіла ў Канадзе і Батсване.
Як паведамляецца ў прэс-рэлізе Міністэрства замежных спраў Канады, БАЖ быў адзначаны «за пастаянную прыхільнасьць журналісцкай этыцы і прынцыпам, а таксама за настойлівасьць і самаахвярнасьць ва ўмовах узмацненьня мэтанакіраваных рэпрэсій супраць СМІ ў Беларусі».
«Вельмі важна, каб журналісты, дзе б яны ні працавалі ў сьвеце, маглі асьвятляць тое, што адбываецца, не баючыся помсты, цэнзуры і пакараньня. Я выказваю даніну павагі Беларускай асацыяцыі журналістаў за іх адданасьць асьвятленьню правоў чалавека і фальсыфікацыяў на выбарах ва ўмовах гвалту, пагроз і запалохваньня. Праца тых, хто абараняе свабоду СМІ, ніколі не была больш важнай», — сказаў Домінік Рааб на цырымоніі абвяшчэньня ляўрэата.
«У той час, калі свабода СМІ ўсё часьцей становіцца аб’ектам нападаў, мы высока ацэньваем Беларускую асацыяцыю журналістаў, якая змагаецца за абарону правоў і свабод, жыцьця і сродкаў да існаваньня тых, хто працуе ў сфэры СМІ ў Беларусі», — адзначыў са свайго боку Франсуа-Філіп Шампань.