Суд праходзіў праз скайп.
Затрыманая на «плошчы Перамен» Вікторыя казала, што ня ўдзельнічала ў мерапрыемстве і не супраціўлялася пры затрыманьні, як гэта паказана ў пратаколе. А яшчэ — што напярэдадні тэст паказаў, што яна цяжарная. Але даведкі дзяўчына ня мела, бо да доктара толькі плянавала запісацца. Судзьдзя Андрэй Млечка прысудзіў дзяўчыне 25 сутак.
«Такі прэцэдэнт мог здарыцца падчас „канвэернага“ правасудзьдзя, калі на аднаго чалавека ў судзе адводзіцца ня больш за пяць хвілін, — адзначае юрыст „Вясны“ Аляксей Лойка. — Да таго ж суд праз скайп заканадаўствам не прадугледжаны, больш за тое — такая форма адпраўленьня правасудзьдзя перашкаджае рэалізацыі шэрагу правоў: праз скайп судзяць у ізалятары, адкуль дзяўчына фактычна пазбаўляецца магчымасьці прадстаўляць свае доказы».
Паводле прэс-службы Менскага гарадзкога суда, цяжарнасьць жанчыны не пацьвердзілася падчас мэдычнага абсьледаваньня.
Паводле закону арыштоўваць цяжарных забаронена.