Лінкі ўнівэрсальнага доступу

100 дзён пратэстаў – якія асноўныя паразы і дасягненьні беларускага грамадзтва? Дыскусія аналітыкаў


Акцыя пратэсту ў Гомлі,16 жніўня.
Акцыя пратэсту ў Гомлі,16 жніўня.

100 дзён пратэстаў – якія асноўныя паразы і дасягненьні беларускага грамадзтва? Ці былі магчымасьці, разьвілкі, калі сытуацыя магла пайсьці ў кардынальна іншы бок? Што адбылося з грамадзтвам за гэтыя месяцы, якія працэсы пачалі і ўзмацнілі пратэставы рух?

На гэтыя пытаньні адказваюць палітычны аглядальнік Аляксандар Класкоўскі і заснавальнік выданьня «Сильные новости» Пётар Кузьняцоў.

Сьцісла:

Кузьняцоў:

  • Галоўную паразу атрымала ўлада
  • За гэтыя месяцы адбылося фармаваньне фактычна новага беларускага грамадзтва
  • Быў падчас пратэстаў вельмі канкрэтны момант, калі сытуацыя магла зьмяніцца. Гэта першы вялікі марш, 16 жніўня
  • Пратэсты будуць працягвацца да канца кіраваньня Лукашэнкі

Класкоўскі:

  • Можна казаць пра наступленьне фазы контрарэвалюцыі.
  • Яшчэ адзін вынік гэтых месяцаў – рэзкі рост нацыянальнай самасьвядомасьці.
  • Цяпер рэжым і грамадзтва размаўляюць на розных мовах
  • Магчыма, і ня будзе нейкага імгненнага трыюмфу прыхільнікаў пераменаў, можа быць даволі доўгі і складаны пераходны пэрыяд

«На 80 працэнтаў адбылося фармаваньне вайскова-паліцэйскага рэжыму, нават з рысамі таталітарызму» ​

Цыганкоў: Якія асноўныя паразы і дасягненьні беларускага грамадзтва за 100 дзён пратэстаў?

Кузьняцоў: Беларускае грамадзтва за гэтыя сто дзён вялікіх паразаў не зазнала. Галоўную паразу атрымала ўлада. Бо яе галоўная мэта была – вярнуць сытуацыю ў краіне на стан вясны гэтага году, каб усё было як раней. Але гэта ў іх не атрымліваецца, нягледзячы на ўсе высілкі і рэпрэсіі. І гэтая галоўная параза ўлады – перамога пратэсту.

За гэтыя месяцы адбылося фармаваньне фактычна новага беларускага грамадзтва, у якім моцна разьвіліся такія рэчы, як салідарнасьць, адчуваньне сябе нацыяй, гонар, прынцыповасьць, гатовасьць ахвяраваць сабой, адстойваць свае прынцыпы. Пратэсты зьядналі людзей, і гэта будзе мець вельмі доўгатэрміновае значэньне і ўплыў. Разьвіваецца самаарганізацыя, мясцовыя ініцыятывы, усё гэта плён пратэставых месяцаў.

Марш пратэсту 1 лістапада ў Менску.
Марш пратэсту 1 лістапада ў Менску.

Цыганкоў: Вы сказалі пра асноўныя мэты і дасягненьні. Але ж асноўнай мэтай людзей, якія выйшлі на пратэсты, было адхіленьне нелегітымнай улады, якая скрала выбары? Або гэта не было рэальнай мэтай, а галоўнай задачай было і ёсьць здабыць маральную перамогу?

Кузьняцоў: Гэтая мэта ёсьць, яна застаецца, і яна дагэтуль не дасягнутая. Відавочна, што для яе трэба будзе троху больш часу. Але дзеля яе дасягненьня трэба паступова выканаць некалькі задачаў. І беларускае грамадзтва за гэтыя сто дзён выканала шэраг задачаў, пра што я ўжо сказаў, – і таму зрабіла галоўную мэту значна бліжэйшай.

Класкоўскі: Я хацеў бы сказаць, што не паразай, але такім прыкрым фактам застаецца тое, што рэжым не сышоў, ён застаецца, і відавочна становіцца болей брутальным. Я б нават ужыў фармулёўку, што ўжо працэнтаў на 80 адбылося фармаваньне вайскова-паліцэйскага рэжыму, нават з рысамі таталітарызму. Сілавікі ўжо прыходзяць у двары, урываюцца ў кватэры, перасталі дзейнічаць нават драконаўскія законы, напісаныя гэтай уладай. Таму я б нават казаў пра наступленьне фазы контрарэвалюцыі.

З таго, што не атрымалася, можна адзначыць, што ў сярэдзіне жніўня не атрымаўся нацыянальны страйк. І на сёньня ў тых, хто прэтэндуе на кіраваньне пратэстамі, на лідэрскую ролю ў беларускай рэвалюцыі – у іх няма выразнай новай тактыкі. Каманда Ціханоўскай, магчыма, апынулася ў нейкім канцэптуальным тупіку. Што прыкра – я пазнаю ў апошніх дэклярацыях характэрныя рысы старой апазыцыі, агульныя фразы і лёзунгі без акцэнту на нейкіх канкрэтных мэханізмах. Трэба асэнсоўваць і гэтыя моманты, каб ісьці далей, эўфарыя ў гэтым пытаньні сёньня недарэчная.

«Быў падчас пратэстаў вельмі канкрэтны момант, калі сытуацыя магла зьмяніцца»

Цыганкоў: Але ў гэтым пытаньні лідэрства – давайце ўдакладнім. Нярэдка з гонарам кажуць, што ўсе ўдзельнікі пратэстаў – лідэры, усе розныя. Але, зь іншага боку, калі няма і кіраўніцтва, і каардынацыі, то часам атрымліваецца, што людзі ня ведаюць, куды ісьці, або сто чалавек уцякаюць ад пяці сілавікоў.

Класкоўскі: У прынцыпе, усё ж такі патрэбна выразнае пэрсанальнае лідэрства, як і выразная абмалёўка стратэгіі і тактыкі. А то часам атрымліваецца, што ў развагах дарадцаў Ціханоўскай гучаць супярэчлівыя тэзісы: з аднаго боку, Ціханоўская, маўляў, пратэстамі не кіруе, але зь іншага – яна будзе мяняць тактыку пратэстаў.

Цыганкоў: Ці былі падчас пратэстаў такія моманты і гістарычныя магчымасьці, калі сытуацыя магла радыкальна пайсьці ў іншы бок?

Кузьняцоў: Быў падчас пратэстаў вельмі канкрэтны момант, калі сытуацыя магла зьмяніцца. Гэта першы вялікі марш, 16 жніўня, калі на вуліцы выйшла 300–400 тысяч, а сілавікоў на вуліцах не было. І мы бачылі вельмі разгублены выступ Лукашэнкі, дзе ён казаў, што можа я заўтра ўжо ня буду прэзыдэнтам, пералічваў свае дасягненьні, нібыта ўжо разьвітваўся. Яны былі шакаваныя, дэмаралізаваныя, у іх яўна не было ўпэўненасьці, што і надалей сілавымі сродкамі можна гэтую хвалю пратэсту зьбіць.

Марш пратэсту, Менск, 16 жніўня.
Марш пратэсту, Менск, 16 жніўня.

Шанец на той момант быў вельмі вялікі. Тады не хапіла палітычнага чыньніка, арганізацыі, асобы, якая магла ўзяць на сябе адказнасьць за тое, што адбудзецца. Таму людзі проста пастаялі і сышлі. Або калі мы ўсе кажам, што Лукашэнка страціў легітымнасьць – але няма нейкай структуры ці асобы, якая гэтую легітымнасьць набыла.

«Беларусы як нацыя на дзьве галавы вышэйшыя за Лукашэнку, які мэнтальна застаўся ў 1994-м годзе»

Цыганкоў: Што адбылося з грамадзтвам за гэтыя месяцы? Якія працэсы нарадзілі або ўзмацнілі пратэсты? Ці можна сказаць, як заяўляюць публіцысты, што грамадзтва сапраўды стала іншым?

Класкоўскі: Гэтыя зьмены даўно высьпявалі, ня проста так беларусы сталі іншымі, працэсы ішлі не адзін год. І тут я хачу сказаць добрыя словы і пра старую апазыцыю, якую цяпер многія крытыкуюць. Яе шматгадовая ўпартая праца над укараненьнем нацыянальнай самасьвядомасьці, ідэалаў дэмакратыі – дала свой плён. Беларускае грамадзтва паступова сьпела да гэтых пераменаў, і мы пабачылі працэс паўставаньня палітычнай нацыі, грамадзянскай супольнасьці.

І яшчэ адзін вынік гэтых месяцаў – рэзкі рост нацыянальнай самасьвядомасьці. Мне самому здавалася, што бел-чырвона-белы сьцяг яшчэ доўга будзе «элітарным». Але сёньня ён відавочна народны сьцяг, сымбаль барацьбы за перамены.

І калі Лукашэнка разважае, што добра было б вярнуць сытуацыю да давыбарных часоў – то гэта ілюзія. Можна рэпрэсіямі на нейкі час зьбіць хвалю пратэстаў, але нельга грамадзтва загнаць у той самы стан.

Сёньня мы бачым, што беларусы як нацыя і супольнасьць на дзьве галавы вышэйшыя за «правадыра», які мэнтальна застаўся ў 1994-м годзе. Тады яго абрала грамадзтва, разгубленае постсавецкім развалам. Але цяпер рэжым і грамадзтва размаўляюць на розных мовах. І гэта азначае, што грамадзтва ўжо ня зьмірыцца з гэтым анахранічным рэжымам учорашняга дня і так ці іначай будзе змагацца.

«Беларусь уступіла ў пэрыяд зьменаў, і яны будуць незваротнымі»

Цыганкоў: Як вам бачыцца будучыня пратэстаў і ўвогуле разьвіцьця палітычнай сытуацыі ў Беларусі?

Кузьняцоў: Дакладна можна сказаць, што цяпер ужо ня будзе так, як раней. Пратэсты, магчыма, будуць мяняць свае формы, бо ўсе разумеюць, што ёсьць пэўны крызіс фармату і што яго трэба мяняць. Але дакладна можна сказаць, што пратэставыя настроі нікуды не падзенуцца, бо ўлады нічога ня робяць, каб яны зьніклі. І яны будуць працягвацца да канца кіраваньня Лукашэнкі.

Класкоўскі: Калі яшчэ казаць пра вынікі гэтых месяцаў, то беларусы пазбавіліся многіх ілюзіяў. Увогуле варта нагадаць гістарычныя паралелі, бо рэвалюцыя можа мець характар некалькіх хваляў. Цяпер, на жаль, набірае моц контрарэвалюцыя, і на нейкі час можа запанаваць сцэнар вайскова-паліцэйскага рэжыму.

Аляксандар Лукашэнка падчас выступу перад прыхільнікамі, 16 жніўня 2020
Аляксандар Лукашэнка падчас выступу перад прыхільнікамі, 16 жніўня 2020

Але я згодны зь Пятром, што ўжо ніякай стабільнасьці пры гэтым рэжыме ня будзе. Рэсурс рэжыму так ці іначай падточваецца. Лукашэнка стаў нелегітымным – і ў вачох вялікай часткі беларусаў, і ў вачох міжнароднай супольнасьці. Эканоміка – сам Лукашэнка днямі прызнаў, што насоўваецца эканамічны крызіс. Будуць ціснуць вонкавыя гульцы – і Масква, і Захад. Можа быць на нейкім этапе і палацавы пераварот.

Зь іншага боку, наўрад ці магчымая ў найбліжэйшы час чыстая перамога цяперашніх праціўнікаў рэжыму. Ім варта быць гатовымі да таго, што трэба будзе дамаўляцца зь нейкай часткай намэнклятуры, зь сілавікамі. Магчыма, і ня будзе нейкага імгненнага трыюмфу прыхільнікаў пераменаў, можа быць даволі доўгі і складаны пераходны пэрыяд. Але, я думаю, Беларусь уступіла ў пэрыяд зьменаў, і яны будуць незваротнымі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG