Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты, якія дапамагаюць жыць. Прапануюць Ганна Севярынец і Альгерд Бахарэвіч


Менск, 11 кастрычніка 2020 г.
Менск, 11 кастрычніка 2020 г.

Новая рубрыка Свабоды: «Цытаты, якія дапамагаюць жыць»​. Дасылайце нам свае ўлюбёныя цытаты, якія судакранаюцца зь цяперашнім часам беларусаў і Беларусі і з надзённымі для беларускай рэчаіснасьці пытаньнямі: Як годна жыць? Што рабіць і думаць? Як супрацьстаяць барбарству, гвалту і хлусьні?

Ганна Севярынец:

«Часьцей за ўсё цяпер згадваю то адзін, то другі радок зь вершаў Алеся Дудара — яны і раней мне моцна адгукаліся, а ў гэтыя часы — тым больш. Адну ягоную страфу наогул успамінаю ці ня кожную раніцу:

Я ня знаю, што будзе заўтра,
мне сягоньня апошняй мяжой.
Дні стаяць сталёваю вартай
паміж будучынай і мной.

Часта згадваю і такое:

Але яшчэ глушыце кроў.
Гарыць душа, і час настане,
калі
з-за поля, з-за бароў
па-беларуску сонца гляне.

Ну, а ў хвіліны аптымістычнай упэўненасьці — найчасьцей гэта бывае на маршы — у такт крокам паўтараюцца радкі з маёй любімай Дударовай „Экзотыкі“:

Будзе сьвет заглынацца рамантыкай барацьбы,
будзе казка пра праўду, яскравая, лёгкая,
ёй ня страшны бізун, нават куля яе не праб’е — экзотыка!

Алесь Дудар быў паэтам высокага і моцнага грамадзянскага пачуцьця і гучаньня — у яго такія трапныя, лёгкія, простыя фармулёўкі і такі шчыры, ня надта складаны, але адэкватны памеру падзей рытм, што ў цяперашнія часы гэтыя радкі самі ўнутры гудуць».

Альгерд Бахарэвіч:

Росту ягонай улады і славы адпавядаў у маім уяўленьні рост меры пакараньня, якую я хацеў бы да яго ўжыць. Спачатку мяне задаволілі б яго параза на выбарах, абыякавасьць натоўпу, пасьля мне ўжо трэба было, каб яго зьняволілі ў турме, яшчэ пазьней — выгнаньня на далёкую пляскатую выспу з адзінай пальмай, падобнай да чорнай зоркі зноскі, што вечна абрынае ў пекла адзіноты, ганьбы, бясьсільля; цяпер, нарэшце, толькі ягоная сьмерць магла б спатоліць мяне.

Уладзімір Набокаў. «Вынішчэньне тыранаў».

«Уладзімір Набокаў напісаў „Вынішчэньне тыранаў“ у 1936-м, калі Эўропа ўжо даведалася, што такое фашызм, але яшчэ не разумела і не магла прадугадаць яго наступстваў. Зусім маладым чалавекам Набокаў уцёк ад бальшавіцкай дыктатуры, але ў 1933-м аказаўся жыхаром гітлераўскай Нямеччыны з „нансэнаўскім пашпартам“ апатрыда.

Што такое тыранія, ён ведаў занадта добра. „Вынішчэньне тыранаў“, а таксама „Запрашэньне да страты“ і „Воблака, возера, вежа“ — адны з наймацнейшых тэкстаў літаратуры ХХ стагодзьдзя пра небясьпеку тыраніі. Тэкстаў, якія перачытваюцца на ўсіх кантынэнтах, зьдзіўляючы сваім эфэктам неверагодна балючай пазнавальнасьці і адначасова суцяшэньня: героя гэтага апавяданьня ратуе ня толькі нянавісьць, але і сьмех.

Усе дыктатуры падобныя між сабой найперш тым, што ня могуць зазірнуць чалавеку пад чарапную каробку, а менавіта там гняздуе свабода, якую немагчыма кантраляваць. Прыведзеная мною цытата — самы пачатак апавяданьня; кожны беларус зразумее пачуцьці яго героя. Набокаў знакаміты сваім выказваньнем: „Партрэт кіраўніка дзяржавы памерам ніколі не павінен быць большы за паштовую марку“. Цяпер Беларусь давяла сьвету, што зло можа існаваць і бяз сувязі з партрэтамі і іх памерамі».

Анонс рубрыкі Свабоды «Цытаты, якія дапамагаюць жыць» чытайце тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG