Што вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі
- Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
- Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
- Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
- У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральныміі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
- Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
- Раман быў у крытычным стане.
- ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя зьявіліся на месцы ўжо пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня, расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
- Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую завяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.
У Менску рэкордна рана адключылі мабільны інтэрнэт
Праблемы назіраюцца ва ўсіх апэратараў ад 9.15, адключаны ў тым ліку інтэрнэт праз 2G.
У нядзелю 15 лістапада ў Менску, як ужо звычайна, апэратары мабільнай сувязі «абмежавалі» доступ да мабільнага інтэрнэту.
На практыцы гэта значыць, што інтэрнэтам на вуліцы скарыстацца немагчыма.
Доступ да інтэрнэту вяртаюць па сканчэньні шматтысячных маршаў.
Абмежаваць доступ патрабуюць «упаўнаважаныя дзяржаўныя органы».
У чаканьні маршу закрылі ўсю 3-ю і палову 2-й лініі мэтро
З 10:35 у мэтах «бясьпекі пасажыраў» мэтрапалітэн закрыў 14 станцый.
Цягнікі не спыняюцца на станцыях
- Якуба Коласа
- Плошча Перамогі
- Кастрычніцкая
- Купалаўская
- Няміга
- Фрунзенская
- Маладзёжная
- Пушкінская
- Спартыўная
- Кунцаўшчына
- Юбілейная плошча
- Плошча Францішка Багушэвіча
- Вакзальная
- Кавальская слабада
Немагчыма перасесьці з 1-й на 2-ю лінію і наадварот. 3-я лінія не працуе цалкам.
З заходняга крыла 2-й лініі працуе толькі адна станцыя — «Каменная горка». Наступны прыпынак пасьля яе — «Першамайская», цягнікі не спыняюцца на 7 запар станцыях.
На станцыю «Плошча Леніна» можна трапіць толькі з боку вакзалу. Выхад на плошчу Незалежнасьці зачынілі.
Калёна спэцтэхнікі ў Менску перад маршам пратэсту
У Менску перакрылі скрыжаваньне, каля якога заклікалі зьбірацца на марш пратэсту
Перакрыты рух на скрыжаванні Прытыцкага — Пушкіна. Увесь транспарт едзе ў абʼезд. Таксама закрытыя ўваходы ў падземны пераход. Тут заклікалі зьбірацца для пачатку маршу пратэсту.
Жалобны сьцяг над праспэктам у Менску
У розных раёнах Менску зьявіліся бел-чырвона- белыя сьцягі і ўлёткі з інфармацыяй пра загінулых удзельнікаў пратэсту. Над прапэктам Дзяржынскага лунае вялікі нацыянальны сьцяг з чорнай жалобнай стужкай.
Сілавікі ў чорным дзяжураць ля мэтро «Пушкінская» ў Менску
Ад мэмарыялу забітаму пратэстоўцу Аляксандру Тарайкоўскаму часам адганяюць людзей, але не затрымліваюць.
Раніца ў «двары Перамен» у Менску, на месцы, дзе захапілі Рамана Бандарэнку. ВІДЭА
«Плошча Перамен» раніцай 15 лістапада. Там застаюцца людзі, падыходзяць іншыя, ускладаюць кветкі ў двары. Мэмарыял Рамана Бандарэнкі за ноч не кранулі.
Канал «Настоящее время» расказвае пра «Марш сьмелых» у жывым эфіры
У Менску затрымалі журналістаў
На «Пушкінскай» у Менску затрымалі журналіста расейскага ТАСС Юрыя Шамшура і карэспандэнта беларускага дзяржаўнага агенцтва БелТА Андрэя Пакумейку, піша Tut.by. Яны былі ў камізэльках «Прэса»
Менск. Сілавікі правяраюць тэлефоны мінакоў
Сілавікі правяраюць тэлефоны людзей, якія сабраліся каля мэмарыялу Тарайкоўскаму.
Менск. Адно з затрыманьняў на «Пушкінскай»
Там працуе і АМАП, і «Алмаз», і байцы без апазнавальных знакаў.
Людзі пачынаюць выходзіць на праезную частку праспэкту Пушкіна. Працягваюцца затрыманьні каля мэмарыялу. Машыны сыгналяць.
Бабруйск. Зьнішчалі мэмарыял Бандарэнку і затрымалі ўсіх, хто быў побач
У Бабруйску двойчы зьнішчалі мэмарыял Раману Бандарэнку ля помніка ахвярам палітычных рэпрэсіяў. Першы раз у суботу аб 11й вечара. Людзі аднавілі яго і вартавалі ўсю ноч.
Сёньня а палове на 11-ю яго зноў зьнічшчылі, а ўсіх, хто быў побач, затрымалі.
Менск. Дзяткі аўтобусаў сілавікоў і аўтазакаў ля «Пушкінскай»
Менск. Масавыя затрыманьні на «Пушкінскай», сілавікі прымянілі газ
Супраць людзей на «Пушкінскай» сілавікі прымянілі сьлезацечны газ. Затрыманьні на працягваюцца ўвесь час, але людзі працягваюць зьбірацца там.
Менск. Людзі зьбіраюцца на «плошчы Перамен»
Гомель. Некалькі дзясяткаў чалавек сабраліся ў цэнтры
Каля 60 чалавек спрабуюць зладзіць марш. Яны ідуць па Савецкай у бок плошчы Леніна, пэрыядычна іх спыняе міліцыя.
Менск. На «Пушкінскай» утвараецца калёна дэманстрантаў
Нягледзячы на затрыманні, шмат людзей сабралася на Пушкінскай, утвараецца калона дэманстрантаў.
Менск. Сілавікі пагналі групу людзей на вуліцу Янкі Маўра
Людзі крычаць «Трыбунал». Усе дарогі да мэтро «Пушкінская» перакрытыя, на скрыжаваньне Прытыцкага і Пушкіна трапіць цяжка, але людзі ідуць групамі.
Менск. Міліцыя перакрывае пад'езды да «Пушкінскай»