Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сілавікі ачапілі «плошчу Пераменаў», адкуль не сыходзяць людзі
Сілавікі ачапілі «плошчу Пераменаў», адкуль не сыходзяць людзі

«Я выходжу»: марш памяці Рамана Бандарэнкі. Што адбываецца ў Беларусі на 99-ы дзень пратэстаў

Сёньня ў Менску а 12-й гадзіне чакаецца «Марш сьмелых». Удзельнікі плянуюць зьбірацца каля станцыі мэтро «Пушкінская», каб прайсьці ад месца гібелі першай ахвяры сілавікоў Аляксандра Тарайкоўскага да «двара пераменаў», зь якога выкралі Рамана Бандарэнку, які ад пабояў сканаў у шпіталі. ​

Масавыя пратэсты супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі праходзяць у Менску з 9 жніўня. Прыхільнікі перамен працягваюць патрабаваць адстаўкі Лукашэнкі і правядзеньня новых сумленных выбараў, вызваленьня палітвязьняў, а таксама адказнасьці за зьбіваньне і катаваньне мірных дэманстрантаў.

14:15 15.11.2020

Да «плошчы Перамен» прыехалі сілавікі

14:13 15.11.2020

Магілёў. Сілавікі не даюць людзям сабрацца перад касьцёлам

Сілавікі не даюць людзям сабрацца ля крыжа перад катэдральным касьцёлам.

Тут два дні таму быў створаны мэмарыял у памяць Рамана Бандарэнкі. Міліцыянт у рыштунку патрабуе разысьціся ад грамады ў два дзясяткі чалавек, пужаюць адказнасьцю за «ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве» і затрыманьнем. У двор ля касьцёла заехаў аўтазак, але пакуль нікога не хапаюць. Людзі патроху разыходзяцца, але да крыжа прыходзяць іншыя

14:06 15.11.2020

Ужо больш за 100 затрыманых у Беларусі

Праваабаронцам цяпер вядомыя імёны 103 затрыманых сёньня на акцыях пратэсту, зь іх 84 у Менску

14:03 15.11.2020

Менск. ДАІ перакрывае пад’езды да «плошчы Перамен»

«Плошча Перамен» цяпер. ДАІ перакрывае пад’езды да месца збору людзей.

13:58 15.11.2020

Магілёў. Дзясяткі чалавек выйшлі на марш

Некалькі дзясяткаў чалавек арганізаваліся ў калёну і ідуць пешаходнай вуліцай Ленінскай, выгукваючы «Не забудем, не простим», «Трыбунал», «Я выходжу». Яе спрабуюць разагнаць, але людзі зноў зьбіраюцца. Да Ленінскай зьяжджаюцца аўтазакі.

13:56 15.11.2020

Менск. АМАП у чорным разагнаў людзей ад мэмарыялу Тарайкоўкаму на скрыжаваньні Прытыцкага і Пушкіна

Затрымалі некалькі пратэстоўцаў, у тым ліку пажылога чалавека. Людзі яшчэ тут яшчэ застаюцца, крычаць «Забойцы!», «Фашысты!» Адзінкавыя затрыманьні працягваюцца.

13:55 15.11.2020

Берасьце. Людзі скандуюць «Жыве Беларусь» на Савецкай вуліцы

13:53 15.11.2020

Менск. Каля «Спартыўнай» зьбівалі і затрымлівалі людзей

Каля станцыі мэтро «Спартыўная» невядомыя ў балаклавах хапалі і білі людзей.

13:49 15.11.2020

Людзі выйшлі на марш у Наваградку

У Наваградку таксама не абышлося без затрыманьняў, схапілі сама меней 6 чалавек.

13:47 15.11.2020

Шмат людзей на вуліцы Чарвякова, каля «плошчы Пераменаў»

13:46 15.11.2020

Менск. Сілавікі зачысьцілі праспэкт Пушкіна

У раёне станцыі мэтро «Пушкінская» сілавікі з вадамётам зачышчаюць вуліцу.

На «Пушкінскай» сілавікі напалі на непаўналетняе дзіця, паведамляе @nexta_tv

13:41 15.11.2020

У Горадні працягваюцца затрыманьні

13:36 15.11.2020

Горадня. Пасьля разгону людзі вярнуліся да мэмарыялу

Людзі пасьля разгону вяртаюцца да Фары Вітаўта, дзе зрабілі стыхійны мэмарыял. Некаторыя шпацыруюць у цэнтры гораду, па Савецкай вуліцы і побач

Па Горадні ходзяць узброеныя драбавікамі байцы без апазнавальных знакаў.

13:34 15.11.2020

На «плошчы Перамен» ужо некалькі тысяч чалавек

13:33 15.11.2020

Менск. Аскепкам гранаты параніла жанчыну

Аскепкам сьвятлашумавой гранаты на Пушкінскай параніла жанчыну, паведамляе Белсат. Аскепак патрапіў у нагу. Чакаюць хуткую дапамогу.

13:29 15.11.2020

Людзі ідуць да «плошчы Перамен» з розных раёнаў

У адным з раёнаў Менску таксама ўтварылася калёна. Людзі ідуць на «плошчу Перамен».

13:25 15.11.2020

Што адбываецца ў Гомлі

У цэнтры гораду сабраліся некалькі соцень чалавек, яны ідуць па горадзе і скандуюць «Лукашэнку ў аўтазак!», а адразу за імі ланцугом ідуць сілавікі.

Ля гомельскага касьцёла, у двары яго людзі зрабілі імправізаваны мэмарыял памяці Аляксандра Віхора і Рамана Бандарэнкі, людзі паклалі кветкі і запалілі зьнічы.

13:21 15.11.2020

Затрыманьні ў Горадні

У Горадні пачаліся затрыманьні. Сілавікі ходзяць па цэнтры і разганяюць людзей. Невялікія групы то там, то тут скандуюць "Жыве Беларусь".

13:20 15.11.2020

На «Пушкінскай» разганяюць людзей гранатамі

Супраць людзей прымянілі сьвятлашумавыя гранаты.

Дзьве машыны «хуткай дапамогі» паехалі ў кірунку мэтро «Кунцаўшчына».

Насупраць кінатэатру «Аўрора» ля мэтро «Пушкінская» сілавікі са шчытамі выскачылі на натоўп людзей, пачаўся хапун, людзі крычаць. Тут знаходзіцца каля 20 мікраўтобусаў зь сілавікамі

13:10 15.11.2020

Выбухі на «Пушкінскай»

На «Пушкінскай» бачылі два выбухі. Падобна, сілавікі скарысталі сьвятлашумавую гранату.

Пратэстоўцы бягуць назад у кірунку «Каменнай Горкі», некаторыя падаюць.

Усё скрыжаваньне Прытыцкага і Пушкіна ў дыме. Яшчэ адзін выбух гранаты каля кінатэатру «Аўрора». Людзі адыходзяць, яны разгубленыя, ня ведаюць, куды далей ісьці.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG