Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка даручыў выпрацаваць мэханізм аднаўленьня студэнтаў, якіх загадаў выключыць


Студэнты, якіх адлічылі зь міжнароднага ўнівэрсытэту «МІТСО» за акцыі пратэсту
Студэнты, якіх адлічылі зь міжнароднага ўнівэрсытэту «МІТСО» за акцыі пратэсту

Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што даручыў распрацаваць мэханізм, які дапамог бы вырашыць праблему адлічаных за ўдзел у няўзгодненых акцыях пратэсту студэнтаў беларускіх ВНУ.

Лукашэнка адзначыў, што прыходзіць шмат лістоў ад адлічаных студэнтаў і асабліва — ад іх бацькоў.

«Я даручыў выпрацаваць мэханізм. Ну, выкінулі мы гэтых 300 чалавек. Я не скажу, што яны адмарожаныя і дрэнныя. І пасьпяховасьць нармальная. Некаторыя наогул вельмі здольныя людзі. Думаю: ну страцім жа іх. Каму яны патрэбныя? Слухайце, ну паедуць яны ў гэтую Польшчу, ну і хай там працуюць, але яны там не патрэбныя.

Я даручыў адпаведным службовым асобам, парлямэнтарыям, дэпутатам выпрацаваць мэханізм. Трэба вярнуцца некалі да гэтага пытаньня. Трэба паглядзець на гэтых адлічаных. У мяне ёсьць практыка „пад гарантыі“», — сказаў ён у інтэрвію прадстаўнікам СМІ, відэафрагмэнт якога разьмешчаны ў блізкім да прэс-службы Лукашэнкі тэлеграм-канале «Пул первого».

27 кастрычніка на нарадзе па падрыхтоўцы Ўсебеларускага народнага сходу Лукашэнка запатрабаваў звальняць працоўных і адлічваць студэнтаў, якія выходзяць на акцыі пратэсту. Пазьней ён заявіў, што ў Беларусі ня будуць прызнаваць дыплёмы замежных ВНУ. Пасьля праваабаронцы і незалежныя СМІ пачалі паведамляць аб адлічэньнях студэнтаў, якія ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG