Як расказалі Tut.by жыхары «плошчы Пераменаў» на вуліцы Чарвякова, невядомыя ў масках прыехалі вечарам 11 лістапада здымаць бел-чырвона-белыя стужкі. У адказ на рэпліку 31-гадовага мясцовага жыхара Рамана Бандарэнкі чалавек у балаклаве з усяе моцы штурхануў яго, і той моцна ўдарыўся галавой. Потым Рамана білі ўжо двое. Пасьля запхнулі ў мікрааўтобус і некуды павезьлі.
Было гэта каля 22:16.
Праз паўтары гадзіны, у 0:05, яго зь міліцыі «хуткая» даставіла ў шпіталь з фармулёўкай «траўмы атрымаў падчас бойкі».
«Раман паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзерынамі. Ён знаходзіўся ў затарможаным стане, але ў апэрацыйную ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін», — расказалі Tut.by у шпіталі.
Цяпер Раман у крытычным стане.
Сьведка: «Думаю, Рамана білі або ў бусе, або ў РУУС»
Мясцовая жыхарка Юлія расказала «Нашай Ніве», што стаяла побач з Раманам і бачыла ўсё на свае вочы.
«Учора каля 10-й вечара ў наш двор прыехалі людзі ў цывільным з маскамі на тварах. 2-3 жанчыны і сем мужчын. Пачалі зразаць стужкі.
Я выйшла на вуліцу і бачыла падзеі на свае вочы, — расказвае Юлія. — У мяне ўзьнікла спрэчка з адной з жанчын: „Што вы тут робіце?“ Адказ быў: „Мы неабыякавыя грамадзяне, жывём у сваёй краіне!“
У гэты час я ўбачыла Рому. Падышла да яго, павіталася. Мы стаялі зь ім і слухалі, як нейкі хлопец вядзе палеміку з адным зь ціхароў.
Рома спакойны, не гарачы. Ён жа мастак. Ніколі не правакаваў на бойкі, паводзіў сябе разважліва. І ўчора таксама.
Рома слухаў-слухаў дыялёг хлопца зь ціхаром, пасьля зразумеў, што гэта бессэнсоўная размова. І сказаў хлопцу: „Усё, няма пра што тут размаўляць, заканчвайце“.
Тут ціхар да яго павярнуўся і сказаў: „Ты што тут, борзы?“ І пайшоў на Рому.
Рома пачаў адыходзіць. І яны апынуліся амаль ля муралу. Ціхар штурхануў Рому.
Рома адхіляўся, але не адбіваўся! Але ціхар схапіў яго, пачаў круціць. І атрымалася так, што ён моцна штурхануў Рому на дзіцячую мэталічную лесьвічку і насеў на яго. І тут у гэтага ціхара выпаў тэлефон.
Я крыкнула: „Рома, здымі маску зь яго!“
Пасьля гэтых слоў ціхар падхапіў тэлефон і рэзка ўцёк, кажа Юлія.
«Але ў тую ж сэкунду з розных кутоў падбеглі двое ў шэрым і чорным — ня ў форме, у цывільным і ў масках. Яны падбеглі і пачалі Рому „прасаваць“: яны яго ня білі, але населі, прыціснулі да зямлі.
Увесь гэты час па пэрымэтры двара стаялі танаваныя бусы. Зь іх ніхто не выходзіў.
І гэтыя, якія выбеглі, узялі Рому, панесьлі за рукі і ногі, махнулі бусу, каб ён пад’ехаў. Рому закінулі ўнутр машыны. Каб бус тросься, я ня бачыла. Закінулі, і бус адразу зьехаў.
Усё гэта я пераказала сёньня сьледчым. Лічу, што сытуацыю трэба максымальна апублічваць.
Я думаю, Рамана білі або ў бусе, або ў РУУС. На пляцоўцы гэта была валтузьня, а ня бойка. І Раман аб тую лесьвічку ўдарыўся не галавой! Ва ўсякім выпадку, я так убачыла. І крыві пасьля на дзіцячай пляцоўцы не было».
Скончыў Акадэмію мастацтваў, служыў у спэцназе, быў дырэктарам крамы
«Наша Ніва» пагаварыла са стрыечнай сястрой Рамана.
«Сьведкі сказалі яго маме, што Рамана закінулі ў бус, пасьля бус вельмі моцна трэсла. Магчыма, яго білі? — задаецца пытаньнем сястра. — Потым яго адвезьлі ў РУУС. Рома быў у затарможаным стане, яго пачало ванітаваць. Але чамусьці ў РУУСе ён правёў ажно 2 гадзіны, — расказвае сястра. — Пасьля ён трапіў у лякарню, дзе зрабілі апэрацыю. Сёньня ў лякарні кансыліюм, прыехаў нейкі прафэсар. Кажуць, каб раней прывезьлі, то былі б нейкія шанцы, а цяпер шанцаў мала зусім. Дактары кажуць, што яго вельмі позна даставілі. Цяпер Раман у коме».
Сястра кажа, што Раман быў асьцярожным чалавекам, на маршы не выходзіў: «Мне казаў, што ведае, што могуць зь ім зрабіць, калі затрымаюць, бо ён служыў у спэцназе — частцы 3214 унутраных войскаў».
Раман адслужыў у спэцназе ўжо пасьля Акадэміі мастацтваў.
Працаваў апошнім часам дырэктарам адной з крамаў «Востраў чысьціні». Прыйшоў туды адміністратарам, паступова дарос да дырэктара, кажа яго сястра.
Афіцыйная вэрсія міліцыі: Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую
ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што праваахоўнікі зьявіліся на месцы ўжо пасьля здарэньня.
«Учора каля 22:30 у міліцыю паступіла паведамленьне пра тое, што ў двары дому на вуліцы Чарвякова ў Менску б’юцца невядомыя.
Пры выбыцьці супрацоўнікі міліцыі знайшлі 31-гадовага грамадзяніна зь цялеснымі пашкоджаньнямі. У далейшым праваахоўнікі выклікалі яму хуткую дапамогу», — напісаў ГУУС Менгарвыканкаму і дадаў наступны абзац з двума клічнікамі перад ім:
«‼️ МУС канстатуе: некаторыя грамадзяне з мэтай давядзеньня да навакольных сваёй асабістай думкі датычна сваёй палітычнай пазыцыі вывешваюць, малююць, наклейваюць несанкцыянаваную сымболіку на фасадах будынкаў, гарадзкіх канструкцыях, асабістых аўтамабілях і да таго падобнае. Іншыя неабыякавыя грамадзяне спрабуюць аднавіць парадак і не дапускаць парушэньняў правілаў добраўпарадкаваньня. З наступствамі падобных канфліктаў, часам вельмі прыкрымі, разьбіраецца МУС».