Журналіста незалежнага інфармагенцтва БелаПАН Яна Аўсеюшкіна асудзілі на 15 содняў арышту за нібыта ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Пра гэта паведамілі ягоныя бацькі, якім удалося датэлефанавацца ў жодзінскую турму.
На волю Аўсеюшкін павінен выйсьці 23 лістапада.
Журналіста затрымалі 8 лістапада насупраць сталічнага гандлёва-забаўляльнага цэнтру Galleria Minsk падчас асьвятленьня «Маршу народаўладзьдзя». Пра затрыманьне ён пасьпеў паведаміць сваякам па тэлефоне. Калі і дзе адбыўся суд над Аўсеюшкіным, невядома.
На сёньняшні дзень, паводле зьвестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, за кратамі застаюцца 16 журналістаў, сярод якіх яшчэ адзін супрацоўнік БелаПАН, Павал Дабравольскі.