Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў заявіў 9 лістапада ў інтэрвію BBC, што гатовы абмеркаваць магчымыя формы «самакіраваньня» ў Нагорным Карабаху.
Заява была зроблена пасьля таго, як Аліеў сказаў, што азэрбайджанская армія «вызваліла» горад Шуша ў Нагорным Карабаху, старажытную сталіцу рэгіёну. Шуша знаходзіцца ўсяго за 10 кілямэтраў ад Стэпанакерту, сталіцы і найбуйнейшага гораду ў Нагорным Карабаху.
«Прасторы для кампрамісу застаецца ня так ужо шмат. Таму што мы забіраем гэтыя тэрыторыі сілай. Яны губляюць час. І калі яны будуць паводзіць сябе разумна, мы гатовыя абмеркаваць магчымыя формы самакіраваньня. Мы ня супраць. Але, шчыра кажучы, я думаю, што пры цяперашнім прэм’ер-міністры Армэніі ў нас амаль няма шанцаў на мір», — сказаў Аліеў.
Паводле Аліева, наступ Азэрбайджану будзе спынены, калі прэмʼер-міністар Армэніі Нікол Пашынян абвесьціць аб вывадзе армянскіх войскаў са спрэчнай тэрыторыі.
«Я кажу з самага пачатку, калі Пашынян — ён асабіста, а не яго міністар замежных спраў, скажа: Армэнія выводзіць войскі з трох рэгіёнаў, якія засталося вызваліць, і дадуць нам графік, мы адразу спынімся. Мы не хочам працягваць гэтую вайну, мы хочам спыніць яе», — адзначыў Аліеў.
Тым часам прэс-сакратарка Міністэрства абароны Армэніі Шушан Стэпанян 9 лістапада напісала ў Фэйсбуку, што «баі блізу Шушы працягваюцца. Падразьдзяленьні Арміі абароны выконваюць пастаўленыя перад імі задачы, пазбаўляючы суперніка ініцыятывы».